«Усё. Канец сувязі». Як пасля выбараў Макей збіраўся ісці да Лукашэнкі ініцыяваць дыялог

Арцём Шрайбман распавёў, як у жніўні 2020 года пасля выбараў ён камунікаваў з тагачасным міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем аб дыялогу з Каардынацыйнай радай.

20.08.2023 / 21:13

Арцём Шрайбман дакладна памятае, што ў яго перапісцы з Макеем было слова «дыялог». Скрын відэа ютуб-канала «Часики тикают»

У выпуску ютуб-канала «Часики тикают» Шрайбман адзначыў, што ён можа аб гэтым гаварыць, бо Макей памёр. «Каб ён быў жывы, пры ўсім тым, які ён свінскі выбар тады зрабіў, але тым не менш я лічу, што ёсць нейкія правілы прыстойнасці, якія нельга парушаць нават з такімі людзьмі».

Па словах Шрайбмана, у час з 13 па 15 жніўня ў яго была кароткая перапіска з Макеем у тэлеграме, кантакт якога ён змог адшукаць.

«Я яму нешта пафаснае напісаў на тэму гістарычнага моманту, што ёсць магчымасць увайсці ў гісторыю ці так, ці так, як ён у выніку і ўвайшоў. Я сказаў яму, што ведаю людзей, якія цяпер збіраюць Каардынацыйную Раду. Калі ён раптам захоча звязацца, арганізаваць дыялог, то я дапамагу яму знайсці кантакты.

Ён мне тады напісаў (ніякай яшчэ не было алергіі на камунікацыю), што ён плануе сам ісці да Лукашэнкі (ён напісаў нешта кшталту «наверх») і ініцыяваць дыялог. Менавіта пра дыялог я запомніў. Гэта дакладна было перад маршам 16-га але пасля такіх пратэстаў, як жанчын у белым. Гэта 13, 14, 15 чысло. Я гавару: «А калі не? Калі Лукашэнка скажа, што ніякага дыялогу, мочым?» Ён адказаў: «Тады далей без мяне». І яшчэ са шматкроп'ем, як людзі гэтага пакалення любяць дадаваць з пафасам».

На пытанне, ці застаўся ў яго скрын перапіскі, Шрайбман адказаў, што не, і патлумачыў: «У тыя дні гэта ўсё было вельмі небяспечна і здавалася: што калі мяне з гэтым скрынам зловяць ці яго тэлефон паглядзяць? Прычым мы перапіску імгненна пачысцілі. Ён мне напісаў «Ну тады далей без мяне» — і наша перапіска скончылася. Я яшчэ напісаў «Прыемна здзіўлены» ці нешта такое. А ён мне проста напісаў «Усё. Канец сувязі».

Чытайце яшчэ:

Шрайбман назваў асноўныя памылкі дэмакратычных сіл Беларусі

Шрайбман: пра расстрэлы чыноўнікаў, замену Макея, план Пуціна і Калеснікаву 

Антось Жупран