12 жніўня пройдзе марафон «Змагайся як беларуска!», прысвечаны гадавіне жаночых маршаў

12 жніўня, у трэцюю гадавіну жаночых маршаў, адбудзецца вялікі дыскусійны стрым з удзелам выбітных беларусак, прысвечаны Дню салідарнасці з жаночымі пратэстамі супраць гвалту ў Беларусі.

12.08.2023 / 00:41

12 жніўня 2020 года, у сераду, у розных частках Мінска з'явіліся жанчыны ў белым з кветкамі ў руках. Гэта быў жаночы пратэст супраць гвалту, які на той час чацвёрты дзень працягваўся на вуліцах горада і ў турме на Акрэсціна.

З таго часу жаночыя акцыі сталі рэгулярнымі, яны праводзіліся па суботах. Па панядзелках на мінскія вуліцы выходзілі пенсіянеры. Паралельна ў Мінску адбылося 11 масавых, шматтысячных нядзельных шэсцяў.

З нагоды трэцяй гадавіны першага выхаду жанчын на вуліцы сталіцы тэлеканал «Белсат» ладзіць спецыяльны марафон. У паведамленні арганізатараў гаворыцца:

«12 жніўня, у трэцюю гадавіну жаночых маршаў, мы ў межах праграмы «Трэба пагаварыць» пры падтрыманні каналу «Белсат» правядзем вялікі дыскусійны стрым. Адзначым Дзень салідарнасці з жаночымі пратэстамі супраць гвалту ў Беларусі.

Мы будзем гаварыць пра тое, што адчуваем на трэці год пасля Рэвалюцыі. Пра наш гнеў, нянавісць і расчараванне. І таксама пра нашу надзею і нашу рашучасць. Тры гады таму мы выйшлі супраць дубінак з кветкамі і заклікам да міру. Якім будзе наш наступны выхад? Разам успомнім пацярпелых за сваю пазіцыю і паспрабуем адрэфлексаваць нарэшце гэтае пытанне: кветкі ці кулі?»

Стрым пройдзе 12.08 на YouTube-канале «Белсат LIFE». Пачатак а 14:00 паводле мінскага часу.

Удзел у дыскусіі возьмуць вядомыя беларускі: Аліна Коўшык, Яўгенія Доўгая, Наталля Хершэ, Юліяна Шэметавец, Наста Базар, Вольга Шпарага, Вольга Ланеўская, Марыя Касінерава, Наста Роўда, Наталля Задзяркоўская. Спіс удзельніц не канчатковы і можа дапаўняцца.

Чытайце таксама:

«Часам страшылкі пра беларусаў перасягаюць рамкі». Галоўрэд рускамоўнага Delfi — пра спрэчны фільм Мікалая Мамінава і логіку літоўскіх палітыкаў

Якім быў апошні дзень перад выбарамі? Вядомыя беларусы згадваюць 8 жніўня 

«Ніхто не перашкаджаў пратэсту быць нямірным. Хто хацеў, у таго быў нямірным» — БЧБ-нявеста

Nashaniva.com