Андэрсэн пісаў сваю казку пра брыдкае качаня, назіраючы за звычайнымі птушанятамі лебедзя. Але яны не ўсе такія

Дацкі пісьменнік Ханс Крысціян Андэрсен напісаў сваю вядомую казку «Брыдкае качаня», маючы досвед назірання за звычайнымі шэрымі птушанятамі лебедзяў-шыпуноў. Але, аказваецца, у шыпуна бываюць і белыя птушаняты, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

09.08.2023 / 22:57

Фота: MonaLuna, Wikimedia Commons

Белых птушанят лебедзя-шыпуна называюць польскімі. Бо лебедзяў гэтай морфы ў Заходнюю Еўропу для развядзення прывозілі з Польшчы. Цяпер гэтая морфа шыпуна называецца immutabilis.

Белы колер апярэння птушанят вызваны мутацыяй у палавой храмосоме Х. Гэтыя гены рэцэсіўныя, падаўляюцца нармальнымі, якія адказваюць за шэры колер.

У птушак, у адрозненне ад звяроў, у самак ёсць храмасомы Х і Y, а ў самцоў — ХХ. Таму ў маладых самак белы колер заўсёды праяўляецца, калі бацька — носьбіт каляровай мутацыі. У маладых самцоў белы колер сустракаецца вельмі рэдка, хаця яны і могуць быць носьбітамі мутацыі.

Самцы-бацькі часам могуць нападаць на сваіх жа белых птушанят, прымаючы іх за канкурэнтаў. Таксама белыя птушаняты больш уразлівыя, чым іх звычайныя шэра-карычневыя родзічы, апярэнне якіх мае камуфляжны эфект.

Дарослыя польскія лебедзі маюць не чорныя, а ружовыя лапы. У Беларусі гэтая морфа сустракаецца рэдка і больш распаўсюджаная ў Цэнтральнай Еўропе.

Nashaniva.com