Ці пайшоў бы Цімур на вайну, каб не жнівень 2020-га?

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апытаў добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, пра тое, як моцна паўплывалі на іх рашэнне пра ўдзел у ваенных дзеяннях падзеі апошніх трох гадоў.

07.08.2023 / 19:03

Аўтары праекта адзначаюць, што ўзаемасувязь паміж рашэннем беларусаў далучыцца да шэрагаў Узброеных сілаў Украіны (УСУ) і траўматычным асабістым досведам удзелу ў беларускіх пратэстах прасочвалася ў асобных інтэрв'ю, якія ў розны час давалі беларусы-добраахвотнікі.

Яны згадваюць гісторыю шаснаццацігадовага Цімура Міцкевіча, які 12 жніўня 2020-га быў затрыманы сілавікамі і падчас допыту збіты да такой ступені, што лекарам давялося ўводзіць хлопца ў штучную кому. Пазней Цімур стаў абвінавачаным па крымінальнай справе. Маці хлопца памерла, а ён прапаў з бальніцы. Толькі праз некалькі месяцаў стала вядома, што Цімур зʼехаў з краіны. У выніку хлопец стаў добраахвотнікам палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК).

Аўтары праекта з дапамогай крызіснага псіхолага склалі шэраг пытанняў, на якія папрасілі адказаць беларускіх добраахвотнікаў. Па словах аўтараў, адказы былі накіраваны на тое, каб раскрыць апытаных праз іх стаўленне да падзеяў да і пасля жніўня 2020 года, зразумець матыў палітычнай актыўнасці ці неактыўнасці, а таксама даведацца, як яны бачаць бліжэйшую будучыню.

Усяго інтэрвʼю было ахоплена 15 чалавек, з іх адна жанчына. Толькі двое мелі нейкі армейскі вопыт да патраплення ў ПКК.

Інтэрвʼю праводзіў псіхатэрапеўт Дзямʼян Папоў. Ён і крызісны псіхолаг патлумачылі вынікі апытання ў больш шырокім кантэксце беларускага грамадства. Мы прыводзі толькі асноўныя моманты. З усім матэрыялам можна пазнаёміцца па спасылцы

Уцягнутасць у актывізм да пачатку пратэстаў 2020-га

Сярэдні ўзрост суразмоўцаў склаў 30 гадоў. Восем з іх нарадзіліся не раней за 1993 год і ўсё жыццё пражылі пры рэжыме Лукашэнкі. Пры гэтым большая частка суразмоўцаў (9 з 15) былі палітычна актыўныя яшчэ да 2020 года: чацвёра — перыядычна, пяцёра — пастаянна.

Аўтары звяртаюць увагу, што двое добраахвотнікаў у сілу свайго ўзросту не пагружаліся ў тое, што адбывалася да 2020-га. А двое іншых адзначылі, што адчувалі расчараванне ў актывізме.

Незалежна ад удзелу ў палітычнай актыўнасці, як паказвае апытанне, амаль усе ўдзельнікі да 2020-га года мелі сфармаваную пазіцыю ў дачыненні да жыцця краіны.

Што тычыцца выбараў 2020-га, то трое суразмоўцаў прыгадалі, што не верылі, што яны будуць выглядаць неяк інакш, чым усе папярэднія. 12 апытаных згаджаюцца з тым, што ўсё, што адбывалася, іх моцна ўразіла.

Падзеі жніўня 2020-га

Па словах аўтараў, з 15 суразмоўцаў 8 прайшлі праз збіццё і катаванні. Практычна ўсе бачылі, як затрымліваюць і збіваюць іншых. Адзін з суразмоўцаў ахарактарызаваў гэта як «дадатковыя кропкі гневу». Двое адзначылі, што паваротным пунктам ва ўсведамленні таго, што адбываецца, для іх сталі нават не выбары, а COVID-19 і паводзіны ўладаў у сувязі з ім.

Усе апытаныя гаварылі пра «немагчымасць так жыць далей», жаданне аднавіць справядлівасць, законнасць. У іх расповедах праглядваецца пачуццё салідарнасці з затрыманымі роднымі і сябрамі, незнаёмымі скалечанымі людзьмі.

На погляд псіхатэрапеўта Дзямʼяна Папова, катаванні і жорсткае абыходжанне з затрыманымі ў першыя дні пратэстаў жніўня 2020 года сталі пачаткам сурʼёзнай траўматызацыі грамадства.

Як сцвярджае псіхатэрапеўт, у самой траўме нічога дрэннага няма, яна нават можа стаць рэсурсам і пунктам росту. Пытанне толькі ў тым, ці зможа чалавек з ёй справіцца і пакінуць у мінулым.

Калі ж у чалавека не атрымліваецца пераадолець траўму, то далей яна можа пачаць уплываць на яго і ўсё яго жыццё. У тым ліку могуць развіцца хваравітыя станы. Адзін з самых частых разладаў пасля падобных падзеяў — посттраўматычны стрэсавы разлад (далей ПТСР).

Па словах Дзям’яна Папова, ПТСР развіваецца ў тых, хто доўгі час знаходзіцца ў сітуацыі бездапаможнасці — тады з большай верагоднасцю будуць наступствы.

Паводле словаў крызіснага псіхолага, з якім аўтары працавалі ў межах праекту, падчас аднаўлення важным і ацаляльным можа быць пошук у тым цяжкім моманце гневу ці нейкага іншага пачуцця, якое б паказвала на ўнутраны супраціў.

Аднаўленне пасля такіх цяжкіх падзеяў можа заняць шмат часу. Першы год можа быць толькі першай часткай пражывання, у якой чалавек можа праходзіць усе стадыі перажыванняў.

Жыццё пасля пратэстаў

З 15 апытаных добраахвотнікаў 10 распавялі пра тое, што з-за рэпрэсій і пагрозы арыштаў ім давялося з’ехаць з Беларусі: шасцёра з іх жылі ва Украіне, а чацвёра — у іншых краінах.

Многія знаходзіліся ў цяжкім эмацыйным стане, не знаходзілі падтрымку і сэнс жыцця. Двое распавядаюць пра тое, што рыхтаваліся да будучых гвалтоўных дзеянняў — партызанскіх ці пратэсных. Толькі адзін чалавек з самага пачатку адкрыта заклікаў да больш актыўных дзеянняў.

Некаторыя з добраахвотнікаў адзначылі, што жыццё ў эміграцыі ім давалася цяжка, двое згадалі, што ім было складана зразумець, як будаваць сваё жыццё далей.

Як адзначае псіхолаг, эміграцыя, асабліва вымушаная — вялікі стрэс, які ўплывае на ментальнае здароўе чалавека. А калі ён накладваецца на не цалкам прыжытыя папярэднія траўмы, то стан можа пагоршыцца.

Да таго ж, нягледзячы на ад’езд з краіны, многія працягвалі заставацца ў кантэксце беларускіх навінаў, якія поўніліся згадкамі пра новыя затрыманні, гвалт, сацыяльныя і эканамічныя праблемы. У выніку чалавек захрасаў у мінулым і цяперашнім, забыўшыся, што, нягледзячы на жах, які адбыўся, важна працягваць жыць.

Вайна ва Украіне і рашэнне ваяваць

Аўтары адзначаюць, што тры суразмоўцы ўспрынялі пачатак поўнамаштабнай вайны як магчымасць справіцца з пачуццём бездапаможнасці і знайсці сэнс і дзеяздольнасць. Чацвёра загадзя былі гатовыя ваяваць. Іншыя чацвёра адзначылі, што не хацелі страціць свой другі дом — Украіну. Адзін апытаны адзначыў, што бачыць у вайне шанец перамогі для Украіны і Беларусі. Яшчэ адзін згадаў, што адчуў жах ад усяго, што адбываецца.

Па словах аўтараў, матыў стаць добраахвотнікамі ў пяцёх апытаных быў прадыктаваны атрыманнем дзеяздольнасці і жаданнем перастаць быць ахвярай, і яшчэ пяць заявілі пра магчымасць атрымаць баявы досвед. Адзін з суразмоўцаў адзначыў, што яго рашэнне было прадыктаванае помстай. Гэты чалавек падчас падзей 9-12 жніўня трапіў пад вельмі цяжкія катаванні з боку сілавікоў.

Аўтары заўважаюць, што ўжо амаль тры гады рэжым спрабуе пасадзіць за краты ўсіх і за ўсё, у надзеі, што гэта дапаможа яму застацца пры ўладзе. У беларусаў і беларусак у прамым і пераносным сэнсе звязаныя рукі, таму што ні адзін з негвалтоўных рычагоў ціску не працуе ці працуе не так эфектыўна, як нам бы хацелася.

Хутчэй за ўсё, таму большая частка суразмоўцаў казала пра ўступ у шэраг добраахвотнікаў як пра магчымасць прамога супрацьстаяння абсалютнаму злу.

Уяўленне пра будучыню

Гэтае пытанне па словах аўтараў, задумвалася адначасова як дыягнастычнае і тэрапеўтычнае. У першым выпадку яно дазваляе ўбачыць, наколькі чалавек можа глядзець у будучыню. А яго тэрапеўтычная функцыя заключаецца ў тым, што нават калі чалавек не можа знайсці адказу, то варта нагадаць яму, што гэта магчыма і будучыня ёсць, нягледзячы на ўвесь жах таго, што адбываецца.

Большасць добраахвотнікаў адзначылі, што ім складана будаваць планы. Таму яны распавядалі пра абстрактныя рэчы: выказвалі меркаванні аб працягласці вайны, казалі пра вызваленне Украіны і потым Беларусі, але ж не казалі асабіста пра сябе. Толькі трое прызналіся ў тым, што пасля заканчэння вайны жадаюць «жыць сваім жыццём».

Аўтары заўважаюць, што існуе вялікая верагоднасць таго, што частка суразмоўцаў вырашыла не дзяліцца асабістымі планамі і ўяўленнямі пра будучыню.

Меркаванне крызіснага псіхолага

Крызісны псіхолаг, які ўдзельнічаў у праекце, адзначае, што нельга адназначна адказаць, пайшлі б сённяшнія добраахвотнікі на вайну, каб не падзеі ў Беларусі. Але ў любым выпадку, яны дакладна кінулі камень на шалі «ісці на вайну».

Спецыяліст адзначае, што падзеі пакуль не скончыліся і трэба дачакацца пункта бяспекі. Гэтым людзям у будучыні будуць патрэбныя праграмы дапамогі, рэабілітацыя, тэрапія і пошук сфераў, праз якія добраахвотнікі маглі б сябе рэалізаваць, убачыць, што яны запатрабаваныя, што яны важныя і паспяховыя. Важна пераадолець траўму, пакінуць яе ў мінулым і пачаць жыць далей.

Меркаванне псіхатэрапеўта

Псіхатэрапеўт Дзямʼян Папоў адзначыў, што на прыкладзе апытаных беларускіх добраахвотнікаў вельмі дакладна бачна, што адно з асноўных адчуванняў пасля выбараў 2020 года — гэта адчуванне бездапаможнасці. І таму вайна ім здаецца выйсцем — гэта пра атрыманне дзеяздольнасці.

Па словах спецыяліста, гвалт спараджае гвалт, таму што з гвалтам можна справіцца, як правіла, толькі гвалтам. Але траўма можа быць і пунктам росту, і гэта працуе як для аднаго чалавека, так і для грамадства агулам.

Чытайце яшчэ:

«Досвед палітычна матываванага арышту дае самы важны ўрок: ты адзін, ніхто не прыйдзе і не выратуе». Сацыяльная менеджарка падзялілася развагамі

Новае апытанне паказала, колькі беларусаў падтрымлівае вайну і размяшчэнне ядзернай зброі

Студэнтка прааналізавала, як пратэсты паўплывалі на сэксуальнае жыццё беларусаў 

Антось Жупран