ЗША амаль пагадзіліся даць Украіне дальнабойныя ракеты ATACMS. Яны цалкам пакрываюць Крым і большую частку Беларусі — The Wall Street Journal

Паводле інфармацыі крыніц выдання, еўрапейскія і амерыканскія чыноўнікі нарэшце гатовы аддаць гэтыя сістэмы ўкраінцам, бо «вельмі натхніліся нестабільнасцю ў Расіі».

29.06.2023 / 20:59

РСЗА HIMARS і дальнабойныя ракеты ATACMS. Фота: militaryleak.com

Выданне The Wall Street Journal 29 чэрвеня са спасылкай на амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў паведаміла, што ЗША вельмі блізкія да гатовага рашэння па перадачы Украіне дальнабойных і моцных ракет ATACMS. 

Неназваныя высокапастаўленыя чыноўнікі заявілі выданню, што зараз у Белым доме назіраецца беспрэцэдэнтная змена настрою на карысць максімальнай дапамогі Украіне ў бліжэйшыя тыдні. 

Раней улады ЗША асцерагаліся перадаваць такую ​​зброю, бо не хацелі перарастання вайны ва Украіне ў шырокамаштабны канфлікт, аднак, па словах чыноўнікаў, навіны аб расколах, мяцяжы і нестабільнасці ў Расіі надалі адміністрацыі Байдэна «натхнення» ў гэтым пытанні.

«У апошні час Украіна атрымлівае пазітыўныя сігналы ад ЗША наконт ваеннай дапамогі і ў прыватнасці перадачы дальнабойных зброевых сістэм ATACMS. Адбываецца гэта на фоне нестабільнасці ў Расіі і асабліва нядаўняга мяцяжу ПВК Вагнер, якое натхніла скептыкаў у амерыканскім урадзе», — піша The Wall Street Journal.

Нагадаем, што Украіна яшчэ з мінулага года чакае амерыканскія дальнабойныя ракеты ATACMS для таго, каб кантраляваць і дзівіць мэты ў вельмі глыбокім тыле суперніка і асабліва ў Крыму. Справа ў тым, што гэтыя сістэмы маюць далёкасць палёту ў 300 кіламетраў (што таксама пакрывае большую частку Беларусі), што ў сукупнасці з іх вялікай магутнасцю можа моцна дапамагчы Украіне ў знішчэнні Крымскага моста і вяртанні акупаваных тэрыторый.

Радыус паражэння амерыканскіх дальнабойных ракет ATACMS, калі страляць імі з прыфрантавых або прыгранічных тэрыторый Украіны. Фота: украінскія сацсеткі

Чытайце таксама:

Украінцы прасунуліся пад Бахмутам — Сырскі

Залужны: Нам удалося перахапіць стратэгічную ініцыятыву, ёсць прасоўванне

«Фенаменальны выбар Прыгожына…» Падаляк — пра мяцеж кіраўніка ПВК «Вагнер» і карысць ад яго 

Марк Рыхтэр