Беларусь адмовілася будаваць свой порт у Расіі

Беларусь пасля закрыцця праз санкцыі доступу да марскіх партоў у Прыбалтыцы не плануе стварэнне адзінага порта ў Расіі, а будзе выкарыстоўваць для экспарту сваіх грузаў сетку марскіх партоў у Расіі, заявіў РИА Новости пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты.

26.06.2023 / 14:50

Лукашэнка аглядае месца для будаўніцтва порта ў Пецярбургу. Фота: president.gov.by

«Насамрэч я б зараз не казаў пра нейкі адзін базавы порце для Беларусі. Сёння мы актыўна выкарыстоўваем інфраструктуру 19 расійскіх партоў: ад Санкт-Пецярбурга да Каспія. І мне такая дыверсіфікацыя, калі шчыра, падабаецца. Безумоўна, нам патрэбныя тэрміналы для экспарту таго ж калію або нафтапрадуктаў, як базавых нашых грузаў, але і тут таксама ёсць некалькі варыянтаў — выкарыстоўваць парты ад Санкт-Пецярбурга да Мурманска … Тое, што мы сёння не складаем яйкі ў адзін кошык і не зацыкліваемся на адным базавым, як вы сказалі, парце, гэта, мусіць, правільная стратэгія, і мы будзем яе падтрымліваць», — сказаў амбасадар.

Ён дадаў, што за паўтара года расійскія парты поўнасцю замянілі для беларускага экспарту парты, якія раней выкарыстоўваліся ў Прыбалтыцы.

Між тым раней не аднойчы Лукашэнка і ўрад абмяркоўвалі пытанне стварэння беларускага парта ў Расіі. 

Лукашэнка з 2020 года рабіў гучныя заявы пра ўласныя парты Беларусі на Балтыцы. 

 У чэрвені 2022 года ён асабіста нават наведаў нібыта будаўнічую пляцоўку пад Санкт-Пецярбургам. 

Паводле Лукашэнкі, беларускі порт ствараўся ў прыгарадзе Санкт-Пецярбурга Ламаносаве, на беразе Фінскай затокі. Але праз два месяцы гэтае відэа «Пула Первого» зняпраўдзіў сваёй заявай прэм’ер Раман Галоўчанка. Ён заявіў, што будаўніцтва, магчыма, пачнецца да канца 2022 года.

Яшчэ адзін тэрмінал для беларускіх тавараў планавалі пабудаваць у порце Мурманска, на заходнім беразе Кольскай затокі. 

У маі 2023 года беларускі прэм'ер Раман Галоўчанка рабіў агляд магчымых пляцовак для парта ў Мурманску. 

«Месцы выдатныя. У прынцыпе, можна пачынаць будаваць. Засталося пару вырашыць пытанняў ( … ) Сёння-заўтра будзем перамовы праводзіць. Падрыхтуем рашэнне і працягнем», — распавядаў ён.

Чытайце таксама:

Беларускія парты ў Расіі: усё не так хутка або насамрэч ніколі?

Дзмітрый Круты сказаў, што ў Беларусі неўзабаве будзе ўласны флот. Прынамсі, ён у гэта верыць

Nashaniva.com