«Дынаміка палохае». У Беларусі ўстрывожыліся экспансіяй кітайцаў на аўтамабільны рынак

У Мінску занепакоеныя ростам долі кітайскіх брэндаў на беларускім і расійскім рынках аўтамабіляў і грузавой тэхнікі. Першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў, выступаючы на форуме ў Пецярбургу, заклікаў падтрымаць мясцовых вытворцаў і ўвесці ў дачыненні да кітайскіх кампаній антыдэмпінгавыя меры, піша Office Life.

15.06.2023 / 18:29

Калаж: drom.ru

Беларусь мае намер ініцыяваць усе магчымыя механізмы для абароны сваіх вытворцаў: ад павышэння імпартных пошлін да антыдэмпінгавых і «спецабаронных» мер.

Паводле слоў беларускага віцэ-прэм'ера, рынак страчваюць як беларускія, так і расійскія вытворцы. Напрыклад, МАЗ за першы квартал 2023 года зменшыў сваю прысутнасць на расійскім рынку з 8,9 да 3,5%, а КамАЗ — з 38 да 17%.

«Дынаміка палохае. За тры месяцы 2022 года доля брэндаў у сегменце грузавой тэхнікі з Кітая ў Расію складала ўсяго 9,5%, а за тры месяцы 2023 года — павялічылася амаль да 58%», — заявіў Снапкоў.

Ён заўважыў, што збольшага кітайскія кампаніі прыходзяць у Беларусь і Расію праз вакуум, звязаны з сыходам заходніх брэндаў, але пры гэтым

нават без прэферэнцыйных тарыфаў іхнія цэны на электробусы, трактары і пагрузчыкі ў 2-3 разы ніжэйшыя, чым у расійскіх і беларускіх вытворцаў.

У Беларусі доля кітайскіх аўтамабіляў на рынку новых легкавых аўтамабіляў ацэньваецца ўжо прыкладна ў 80%. У Расіі колькасць кітайскіх аўтадылераў яшчэ летась перавысіла расійскія ў 1,5 разу.

Генеральны дырэктар кампаніі «БелДжы» Генадзь Свідзерскі раней адзначаў, што з улікам наяўнасці ў Кітаі ўласных вытворчасцяў камплектуючых канкураваць з імі па цане вельмі складана нават з улікам выдаткаў на дастаўку.

Чытайце таксама:

У Беларусь прыходзіць новы аўтамабільны брэнд з Кітая — Voyah, які спецыялізуецца на электрамабілях

У Беларусі расце колькасць аўто ў продажы. Чаму так адбываецца? Тлумачаць гульцы рынку

У Беларусі з'явіцца яшчэ адзін кітайскі аўтабрэнд

Nashaniva.com