У Кіеве будуць маліцца за Івану Мазепу. Анафема яму была абвешчана 300 гадоў таму

У Кіева-Пячэрскай лаўры ўпершыню ў гісторыі святыні адправяць паніхіду за яе мецэната і гетмана Івана Мазепу. Набажэнства адбудзецца 11 чэрвеня, у Дзень усіх Святых ва Усіхсвяцкай царкве, пабудаванай за кошт Івана Мазепы.

09.06.2023 / 14:32

Паніхіду правядуць з нагоды 325-годдзя асвячэння храма, піша «Украінская праўда».

«У гэты дзень упершыню ў гісторыі Кіева-Пячэрскай Лаўры будзе адпраўлена паніхіда за яе мецэната і гетмана Івана Мазепу, які за нежаданне падпарадкоўвацца Масковіі яшчэ пры жыцці быў падвергнуты анафеме расійскай імперскай царквой. Ніводная з украінскіх цэркваў ніколі не прызнавала сілу гэтай анафемы, а ўкраінцы па ўсім свеце маліліся за яго спачын. Затое ў Маскоўскім Патрыярхаце «праклінаць» Мазепу працягвалі і ў часы незалежнай Украіны, і нават пасля пачатку вайны ў 2014 годзе. З гэтага часу гістарычная і духоўная справядлівасць будзе адноўленая», — напісалі ў паведамленні ўкраінскай царквы.

Паніхіда стане пачаткам адраджэння ва ўкраінскай Лаўры традыцыі ўшанавання выбітных фігур нацыянальнай гісторыі і культуры.

Nashaniva.com