Пазашлюбны сын Шайгу з'ехаў з Расіі за некалькі дзён да мабілізацыі — расследаванне

Каманда Аляксея Навальнага выпусціла расследаванне аб пазашлюбным сыне міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу, у якім гаворыцца, што 22-гадовы Даніла Шабуноў атрымлівае «пад мільён рублёў» (12 500 даляраў) ад здачы двух офісных памяшканняў у цэнтры Масквы. За які часавы адрэзак — у расследаванні не сказана.

09.06.2023 / 13:03

Паплечнікі Навальнага таксама сцвярджаюць, што за некалькі дзён да абвяшчэння Уладзімірам Пуціным так званай частковай мабілізацыі Шабуноў з'ехаў з Расіі ў Турцыю, піша Радыё Свабода.

У гэты момант пазашлюбны сын Шайгу нібыта заняты ўласнай музычнай кар'ерай. Як спявак ён запісвае песні на англійскай мове і здымае кліпы пад псеўданімам Sheba. Пры гэтым, па даных каманды Навальнага, на відэа з Шабуновым «накручаныя дзясяткі тысяч праглядаў»: у той час як у яго ютуб-канала крыху больш за 700 падпісчыкаў, у яго кліпаў — звыш 250 тысяч праглядаў.

Даніла Шабуноў, паводле звестак шэрагу СМІ, з'яўляецца сынам Сяргея Шайгу і былой сцюардэсы лётнага атрада МНС Алены Шабуновай. У 2019 годзе The Insider выпусціў расследаванне, у якім гаварылася, што Шабунова зарабіла мільярды рублёў на кантрактах з МНС і Мінабароны. Таксама сцвярджалася, што ў яе ад Шайгу трое дзяцей. Усе яны хадзілі ў элітную школу «Прэзідэнт» на Рублёўцы, навучанне ў якой каштуе каля двух мільёнаў рублёў у год.

Інфармацыю пра тое, што ў міністра абароны Расіі ёсць пазашлюбныя дзеці, ні расійскія ўлады, ні сам Сяргей Шайгу не каментавалі. Афіцыйна кіраўнік абароннага ведамства жанаты на Ірыне Шайгу, і ў іх двое дачок: Юлія, якая з'яўляецца дырэктарам Цэнтра экстранай псіхалагічнай дапамогі МНС, і Ксенія, кіруючая Федэрацыяй трыятлоне Расіі.

Некалькі гадоў таму Алена Шабунова выйшла замуж за грамадзяніна Літвы Адолфаса Камінскаса і ўзяла яго прозвішча. У 2022 годзе літоўскія ўлады пазбавілі яе віду на жыхарства, паколькі яе знаходжанне ў краіне «можа пагражаць нацыянальнай бяспецы».

Чытайце таксама:

Меркаванай маці дзяцей Шайгу закрылі ўезд у Шэнгенскую зону на тры гады

У Літве выявілі, што дачка Шайгу мае літоўскае грамадзянства

Nashaniva.com