Эканаміст тлумачыць, як дабрабыт беларуса звязаны з цаной на гарэлку і свініну

Кіраўнік праекта «Кошт урада», эканаміст Уладзімір Кавалкін са сваёй камандай з 2015 года «чаркай і скваркай» мерае дабрабыт беларусаў. Калі людзі маглі дазволіць сабе больш?

09.06.2023 / 10:25

Ілюстрацыйнае фота: providers.by

Уладзімір Кавалкін кажа, што чаркаскварачны вымяральнік дабрабыту зразумелы большасці беларусаў. У іх сістэме жыццёвых прыярытэтаў чарцы са скваркай адведзена другое месца пасля «абы не было вайны». За імі ідуць «іншамарка» ды «кватэра». Калі ўсё гэта разам яны маюць, то лёс складваецца ўдала.

Чарка са скваркай выкрываюць махінацыі ўлады з інфляцыяй і цэнамі, адзначае эканаміст.

У чаркаскварачны параметр закладзены сукупны сярэдні кошт 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі. Ваганні цэн на іх наўпрост уплываюць на жыццё беларусаў.

Кошт спажывецкага каша, разлічаны Белстатам, па словах Кавалкіна, значна адрозніваецца ад рэальнай інфляцыі, з якой сутыкаюцца людзі.

«Заробкі намінальна растуць, але не паспяваюць за інфляцыяй, — заўважае Кавалкін. — Белстат жа сочыць за цэнамі, якія рэгулюе Мінгандалю».

Дынаміка кошту «Чаркіскваркі» ў рублях. Разлікі праекта «Кошт урада» на падставе даных Белстата. Інфаграфіка з сайта праекта «Кошт урада» 

У першым квартале 2019 годзе адна «чаркаскварка» абыходзілася сярэдняму беларусу ў 2,69 рубля. Сёлета яму трэба было выкласці 3,57 рубля. Такім чынам, «чаркаскварка» падаражэла на амаль 75 працэнтаў.

За той час налічаны сярэдні заробак падрос на 58 працэнтаў. Чатыры гады таму ён быў 1056,90 рубля, а сёлета — 1 814,20 рубля. 

Кавалкін кажа, што ад 2015 года беларусы не надта разбагацелі. За гэты час сярэдні заробак знаходзіўся ў калідоры ад 230 да 520 «чаракскварак».

«Беларусы жывуць ад крызісу да крызісу. Самым заможным па чарцы са скваркай выдаўся 2021 год», — тлумачыць ён.

У чацвёртым квартале 2021 года на адзін сярэдні заробак выходзіла 522 «чаркіскваркі».

У сваім сёлетнім аналізе каманда Кавалкіна зрабіла выснову, што цяперашні сярэдні заробак у чаркаскварачным эквіваленце знаходзіцца на ўзроўні першага квартала 2021 года.

Два гады таму на адзін сярэдні заробак можна было купіць 478 чарак са скваркамі. Адна ўмоўная «чаркаскварка» каштавала 2 рублі 76 капеек. У першым квартале 2023 года яна падаражэла да 3 рублёў 57 капеек. На сярэдні заробак беларус мог дазволіць сябе купіць 484 чарак са скваркамі. Годам жа раней іх выходзіла болей — 503.

Уладзімір Кавалкін. Фота: архіў Уладзіміра Кавалкіна

Паводле каманды Кавалкіна, за апошні год гарэлка падаражэла на 21 працэнт. Летась у сакавіку літр гэтага алкаголю каштаваў у сярэднім 18 рублёў і 35 капеек, а сёлета за той аб’ём трэба выкласці ўжо 22 рублі 29 капеек.

Цэны на свініну, пасля непрацяглага запавольвання мінулай восенню, рушылі ўгару. За год мяса падаражэла на 10,5 працэнта. Летась у сакавіку ў сярэднім па краіне за кілаграм свініны прасілі 12 рублёў 72 капейкі. Сёлета яе кошт сягнуў 14 рублёў 6 капеек.

Пакупніцкая здольнасць заробкаў беларусаў у «чаркахскварках» па рэгіёнах у штуках. Разлікі праекта «Кошт урада» на падставе даных Белстата. Інфаграфіка з сайта праекта «Кошт урада» 

Самым заможным рэгіёнам краіны застаецца Мінск. Яго жыхары могуць найбольш набыць чарак і скварак. Але ў параўнанні з мінулым годам яны збяднелі на 108 «чаракскварак».

«Калі год таму сярэдні мінчук за свой сярэдні заробак мог набыць 820 «чаракскварак», то сёлета 712. Ні ў адным рэгіёне такога падзення не адбылося», — адзначае Уладзімір Кавалкін.

Захоўваць параўнальна высокі ўзровень дабрабыту на фоне іншых рэгіёнаў сталіцы дазваляе канцэнтрацыя ў ёй найбуйнейшых кампаній. У Мінску найбольш кваліфікаваных спецыялістаў з высокімі заробкамі.

Кіраўнік праекта «Кошт урада» разглядае падзенне даходаў мінчукоў прыкметаю структурнай перабудовы эканомікі. Асноўная яе праблема — уцечка мазгоў. 

«Гэта вядзе да архаізацыя і дэградацыя гаспадаркі. Гэта вельмі кепскае развіццё падзеяў. Калі кажам, што ў Мінску дабрабыт падае — тое азначае, што адмыслоўцы з добрай адукацыяй з'язджаюць з краіны. Іх узрост 30-45 гадоў. Яны драйверы эканомікі. Ім на змену трэба гадаваць новых, а няма з каго», — адзначае Уладзімір Кавалкін.

Ён кажа, што іншыя рэгіёны, акрамя Магілёўшчыны, жывуць прыкладна аднолькава. Дабрабыт сярэдняга жыхара Брэстчыны прасеў з леташніх 433 да сёлетніх 425 «чаракскварак». А ў суседняй Гродзеншчыне з 434 да 424 «чаракскварак».

На каліва падраслі заробкі ў чарках і скварках на Гомельшчыне. Год таму яе жыхары ў сярэднім мелі 444, а сёлета — 448 «чаракскварак». На 17 «чаракскварак» павялічыліся заробкі ў жыхароў Мінскай вобласці: з 415 леташніх да 432 сёлетніх.

Заможней сталі жыхары Магілёўшчыны, якая звыкла знаходзіцца ў канцы табліцы беларускага дабрабыту. Летась ім сярэдняга заробку хапала на 349 чарак і скварак. Сёлета яны могуць сабе дазволіць іх 360. Але адставанне гэтага рэгіёну ад іншых велізарнае.

«Калі мы кажам пра Гродзеншчыну ці Брэстчыну, то яны багацейшыя за Магілёўскую на 100 «чаракскварак». Гэта вялікая розніцы ў 20-25 працэнтаў», — адзначае эканаміст.

На яго думку, узровень дабрабыту ў 350 «чаракскварак», як на Магілёўшчыне, крытычны.

Розніца ў заробках між рэгіёнамі і сталіцай у «чаркахскварках». Разлікі праекта «Кошт урада» на падставе даных Белстата. Інфаграфіка з сайта праекта «Кошт урада» 

Тое, што ўзровень дабрабыту заходніх рэгіёнах краіны вышэйшы за той, што маюць жыхары Магілёўшчыны, эканаміст тлумачыць гістарычнымі рэаліямі. Усходняя Беларусь доўгі час знаходзілася ў Савецкім Саюзе, дзе былі выкараненыя традыцыі прыватнай ўласнасці ды прадпрымальніцтва. Заходняя ж частка да 1939 году жыла пад Польшчаю з яе рынкавай эканомікай.

Акрамя таго, жыхары Брэстчыны і Гродзенішчы бачаць розніцу жыцця на радзіме з тым, якое яно ў Літве ці Польшчы. На Магілёўшчыне такога ўзору няма. У суседняй Расіі становіцца толькі горш.

Уладзімір Кавалкін дадае, што ў адрозненні ад Магілёўшчыны суседняя Гомельшчына і Віцебшчына маюць нафтаперапрацоўчыя камбінаты, якія кан’юктурна выцягваць гэтыя вобласці да адносна добрага сярэдняга паказчыка.

Эканаміст кажа, што чаркаскварачны індэкс беларускага дабрабыту пакуль не адрэагаваў на вайну. Чарка і скварка падае з запавольваннем.

«Калі вайна і адбіваецца, то неістотна і мы гэтага пакуль не бачым. Моцны адбітак праявіць сябе праз год-два. Трэба зважаць: калі разглядаем чарку і скварку, то гэта самы базіс. Калі ўжо праблемы будуць з чаркай і скваркай, то гэта сітуацыя блізкая да крытычнай», — тлумачыць ён.

Паводле яго, беларусы, які жывуць катэгорыяй «чаркаскварка», задавольваюцца не высокім дабрабытам, Але для іх важна, каб ён быў. Іх колькасць паступова змяншаецца, бо гэта людзі пераважна старэйшага пакалення, якія выраслі ў Савецкім Саюзе і трымаюцца традыцыйных савецкіх поглядаў.

«Новае пакаленне не цікавіцца чаркаскварачнай тэмаю, — падсумоўвае Уладзімір Кавалкін. — Маладым людзям выжываць не цікава. Яны прагнуць жыць, таму хутчэй зменяць краіну, чым застануцца з такім менталітэтам».

Глядзіце таксама:

Уладзімір Кавалкін адсядзеў 12 з 15 сутак і зараз выйдзе на волю

«Усё стабільна дрэнна». Агенцтва Moody's зноў панізіла крэдытныя рэйтынгі Беларусі, аднак павысіла прагноз па ёй з «негатыўнага» на «стабільны»

Беларуская эканоміка ў 2023-м можа дацягнуць да ўзроўню 2019 года, а можа і не дацягнуць

Куды ўкласці свабодныя 10 тысяч даляраў? Адказваюць эканамісты і прадпрымальнік

Транзітныя тарыфы на прапампоўку нафты па Беларусі хочуць павялічыць адразу на 84%

Васіль Вашчыла