«Будзем глядзець, ці з'яўляецца творчасць прымальнай». Міністр культуры патлумачыў, як будуць выдаваць гастрольныя пасведчанні

Як чакаецца, гэтыя і іншыя новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць з 1 ліпеня.

07.06.2023 / 17:17

Анатоль Маркевіч. Фота: БелТА

Пры выдачы гастрольнага пасведчання ўпраўленні культуры будуць устанаўліваць, ці з'яўляецца творчасць таго ці іншага артыста прымальнай, заявіў міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч у парламенце, піша «Спутнік».

«…Адпаведна ўпраўленне глядзіць, ці ўсё там артысты, тыя ці іншыя, наколькі сёння іх творчасць з'яўляецца прымальнай. Гэта значыць вось у такім ракурсе разглядаецца пытанне», — сказаў міністр.

Таксама Маркевіч нагадаў, што ў Беларусі плануюць прыняць папраўкі, якія дазваляюць арганізатарам канцэртаў ствараць часовыя калектывы выканаўцаў. А самі артысты проста могуць заключыць з ім дамову. Ім не трэба будзе рэгістравацца як ІП.

Як чакаецца, гэтыя і іншыя новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць з 1 ліпеня. З гэтай даты ІП, якія арганізуюць канцэрты, больш не змогуць гэтым займацца — ім трэба будзе зарэгістраваць юрыдычную асобу. Плануецца, што новы закон дазволіць зрабіць гэта па льготнай працэдуры.

Для трансфармацыі ІП у кампаніі распрацавана асобнае палажэнне. У прыватнасці, яно дазваляе, каб месцазнаходжаннем юрыдычнай асобы была кватэра або дом заснавальніка. Дзяржпошліну за рэгістрацыю такой кампаніі плаціць не трэба. Чакаецца, што гэтыя і іншыя папраўкі прымуць у гэтым месяцы.

Чытайце таксама:

Міністр культуры: Здраднікам не месца на сцэне

Міністр культуры прызнаў дэфіцыт кадраў у беларускай культуры. З гэтай нагоды сабралі цэлую нараду

Улады вызначыліся з ідэалагічным манументам на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Вось як ён будзе выглядаць

Nashaniva.com