Паліну Шарэнду-Панасюк, якая адмовілася ад беларускага грамадзянства, адправілі ў Навінкі

Пра гэта паведаміў муж палітзняволенай. Паводле яго інфармацыі, этап можа працягвацца два тыдні.

07.06.2023 / 16:56

Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда

Актывістку «Еўрапейскай Беларусі», палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк накіравалі з калоніі ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках для правядзення псіхіятрычнай экспертызы. Гэта адбылося неўзабаве пасля таго, як актывістка напісала заяву аб адмове ад беларускага грамадзянства. Пра сітуацыю з Палінай паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда, які цяпер знаходзіцца ў Вільні, піша Радыё Свабода.

«Этап з Рэчыцы на Менск у Навінкі можа заняць два тыдні. Дакладна вядома, што перад этапам каля двух тыдняў Паліна была ў санчастцы калоніі, хіба яе прыводзілі ў стан для этапу. А этапавалі з калоніі толькі некалькі дзён таму. Пакуль больш звестак пра жонку не маю. Відаць, будзе праходзіць у Навінках экспертызу», — паведаміў муж палітзняволенай Андрэй.

Паводле Андрэя Шарэнды, выхад з грамадзянства быў пратэстам супраць пастаяннага ціску, які жанчына спазнала ў зняволенні.

«Гэта яе пратэст супраць катаванняў. Яна адмаўляецца ад беларускага пашпарта са сталінскім гербам на вокладцы і больш ня хоча мець нічога агульнага з рэжымам, які ўсталяваўся ў Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі, які ўдзельнічае ў вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах», — сказаў Андрэй Шарэнда.

У чэрвені 2021 года Паліну Шарэнда-Панасюк (яе затрымалі 3 студзеня 2021 года) асудзілі на 2 гады зняволення за гвалт адносна міліцыянтаў і абразу Лукашэнкі.

З таго часу да гэтага тэрміну суд дадаў актывістцы яшчэ два гады за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы» (411-ы артыкул КК). Жанчыну трымалі спачатку ў Гомельскай жаночай калоніі, разлічанай на так званых «першаходаў», а потым перавялі ў калонію ў пасёлку Зарэчча Рэчыцкага раёну, куды змяшчаюць тых, хто асуджаны па другім і больш разе. Паводле звестак, якія атрымаў Андрэй Шарэнда з Беларусі, ў абедзвюх калоніях ягоную жонку большасць часу трымалі то ў штрафным ізалятары, то ў памяшканні камернага тыпу.

«Паліну марудна, але мэтанакіравана забіваюць. Арганізм Паліны настолькі знясілены, што ёй ужо цяжка хадзіць. Ад адсутнасці сонечнага святла зрок у Паліны моцна сапсаваўся», — піша муж актывісткі ў звароце да міжнародных гуманітарных і праваабарончых арганізацый.

Андрэй заклікаў праваабаронцаў свету «сачыць за лёсам ягонай жонкі і зрабіць усё магчымае для вызвалення яе і ўсіх палітзняволеных».

Чытайце таксама:

Паліна Шарэнда-Панасюк адмаўляецца ад беларускага грамадзянства на знак пратэсту супраць катаванняў

Ці можа палітвязень адмовіцца ад беларускага грамадзянства? Што наогул дае такая адмова?

Паліну Шарэнда-Панасюк працягваюць утрымліваць у карцары. За год яна правяла там 200 сутак

Nashaniva.com