У Кіеве звольняць чыноўніка, які шастаў па рэстаранах падчас каменданцкай гадзіны

Гарадскі галава Кіева Віталь Клічко паабяцаў, што прымусіць звольніцца дырэктара Дэпартамента аховы культурнай спадчыны Кіеўскай гарадской дзяржадміністрацыі Аляксандра Нікараяка, якога заўважылі на вуліцах сталіцы і ў рэстаране падчас каменданцкай гадзіны.

07.06.2023 / 14:38

Рэстаран «Біярыц»

«За парушэнне каменданцкай гадзіны ёсць адміністрацыйная адказнасць для ўсіх грамадзян. а чыноўнік, любога рангу, нясе яшчэ і палітычную адказнасць. Дырэктар дэпартамента аховы культурнай спадчыны КГДА Аляксандр Нікарак, якога ноччу, у глыбокую каменданцкую гадзіну, заўважылі на выхадзе з рэстарана, будзе звольнены. Сказаў яму пісаць заяву», — напісаў Клічко.

Клічко таксама заклікаў праваахоўныя органы кантраляваць забаўляльныя ўстановы і ўстановы харчавання і караць іх за працу ў каменданцкую гадзіну.

Днямі чыноўнік Кіеўскай гарадской дзяржадміністрацыі Аляксандр Нікарак, які займаецца культурнай спадчынай у сталіцы, разам са сталічным забудоўшчыкам Артурам Мхітаранам наведваў рэстаран «Біярыц» у каменданцкую гадзіну і паветраную трывогу. Нікарак ездзіў па сталіцы з картэжам Мхітарана.

Сталічны чыноўнік пакінуў ўстанову ў 2 гадзіны ночы. У 3 ночы да рэстарана пад'ехалі праваахоўнікі, але яны хутка з'ехалі, бо не было ні людзей, ні шуму.

Nashaniva.com