Беларускі фігурыст збірае 25 тысяч даляраў, каб выступаць за ЗША

Іван Дзясятаў, які выступае ў дысцыпліне танцы на лёдзе, абвясціў збор, каб адкупіцца ад Беларускага саюза канькабежцаў і выступаць за амерыканскую зборную.

07.06.2023 / 08:13

Ізабэль Флорэс і Іван Дзясятаў.
Фота: instagram.com/isabellaflores

Дзясятаў хоча сабраць 25 тысяч даляраў. Паводле яго, менавіта за такую суму саюз гатовы адпусціць яго. У суму ўваходзіць пакрыццё выдаткаў на трэніроўкі, піша Reform.by

«На гэтым тыдні стала вядома, што Беларускі саюз канькабежцаў адпусціць Ваню… з умовай, што каманда павінна пакрыць Саюзу 25 тысяч даляраў за ўсе выдаткі на трэніроўкі Вані ў папярэднім сезоне. Сцісла: Ваня не зможа прадстаўляць Злучаныя Штаты, пакуль не будуць выплачаныя гэтыя 25 тысяч даляраў», — гаворыцца на старонцы збору сродкаў на платформе Gofundme.

Дзясятаў прадстаўляў Беларусь у сезоне 2021-2022. Праз два тыдні пасля пачатку вайны Дзясятаў пераехаў у ЗША.

«Ён прыняў спантаннае рашэнне пакінуць усё, што ведаў, каб атрымаць магчымасць уплываць на сваю будучыню незалежна ад геапалітыкі, якая адбываецца ў Расіі. Жадаючы выканаць сваю мару, ён забраніраваў рэйс у ЗША, амаль не ведаючы мовы, культуры, не маючы якіх-небудзь планаў», — гаворыцца на старонцы Дзясятава.

У пачатку чэрвеня 2022 года ён устаў у пару з Ізабелай Флорэс і ў канцы сезона 2022-2023 пачаў перамовы аб змене Федэрацыі.

Збор быў запушчаны два дні таму. На 08:10 паводле беларускага часу было сабрана амаль 12 704 даляры.

Зараз беларускія фігурысты адхіленыя ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах.

Чытайце таксама:

Алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце Улад Ганчароў будзе выступаць у самым знакамітым цырку свету

Cirque du Soleil пракаментаваў наём падпісанта пралукашэнкаўскага ліста

Nashaniva.com