У Гомельскай вобласці КДБ праводзіць антытэрарыстычныя вучэнні. Правяраюць грамадзянскі транспарт 

Міжведамаснае антытэрарыстычнае вучэнне пройдзе ў Гомельскай вобласці з 5 па 7 чэрвеня. У ім акрамя падраздзяленняў Камітэта дзяржаўнай бяспекі прымуць удзел прадстаўнікі сілавых ведамстваў краіны, паведамляюць дзяржСМІ.

05.06.2023 / 15:50

Ілюстрацыйны здымак

Паводле тэлеграм-канала @svetnaviny, з 5 чэрвеня на Гомельшчыне пачынаюцца міжведамасныя вучэнні «па забеспячэнні гатоўнасці кампетэнтных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый да выканання задач па спыненні дзейнасці тэрарыстычных арганізацый і незаконных узброеных фарміраванняў».

Сцэнаром вучэнняў прадугледжана выкарыстанне ваеннай тэхнікі, магчымыя абмежаванні руху транспартных сродкаў.

Як пішуць гомельскія праваабронцы, у Светлагорску, напрыклад, сілавікі правяраюць увесь транспарт, які рухаецца на ўезд і выезд з горада.

Nashaniva.com