Легендарны футбаліст Златан Ібрагімавіч абвясціў пра завяршэнне кар'еры

Форвард італьянскага клуба «Мілан» абвясціў пра завяршэнне кар'еры футбаліста ва ўзросце 41 года.

05.06.2023 / 07:23

Златан Ібрагімавіч. Фота: з інстаграма футбаліста

«Я развітваюся з футболам, але не з вамі», — сказаў швед заўзятарам на «Сан-Сыра» пасля нядзельнай апошняй гульні сезона.

Ібрагімавіч абвясціў, што пакідае італьянскі клуб, паколькі яго кантракт заканчваецца ў гэтым месяцы.

Ён забіў 511 галоў у 639 матчах за такія клубы, як «Мальмё», «Аякс», «Ювентус», «Пары Сэн-Жэрмен», «Манчэстэр Юнайтэд», «Барселона», «Мілан», «'Інтэр», выйграўшы чэмпіёнскія тытулы ў чатырох краінах («Аякс», «Інтэр», «Мілан», «Ювентус», «Мілан», «Барселона», «ПСЖ»).

Форвард таксама завяршае кар'еру як найлепшы бамбардзір Швецыі з 62 галамі ў 121 матчы.

Ён пакінуў нацыянальную каманду пасля Еўра-2016, але вярнуўся ў 2021 годзе падчас няўдалай адборачнай кампаніі да чэмпіянату свету.

Nashaniva.com