«Хай зʼездзіць у Кіеў і заначуе ў маёй кватэры». Украінская журналістка расказала пра рэакцыю Сабаленкі на вострыя пытанні

Падпісантка ліста за Лукашэнку, беларуская тэнісістка Арына Сабаленка на сёлетнім «Ралан Гарос» заявіла, што ў пэўны момант «не адчувала сябе ў бяспецы». Для такога тэнісістцы хапіла некалькіх пытанняў на прэс-канферэнцыі — пра Лукашэнку і вайну ва Украіне. Чалавекам, які ўпершыню за некалькі гадоў задаў Сабаленка нязручныя пытанні, стала ўкраінская журналістка «Трыбуны» Дарʼя Мешчаракова.

03.06.2023 / 19:37

Дарʼя Мешчаракова. Фота: асабісты архіў журналісткі

Мешчаракова расказала «Трыбуне», што вырашыла задаць прамыя пытанні Сабаленка, калі ўбачыла, што яна ўвесь час сыходзіць ад адказаў наконт вайны, а медыя пры гэтым працягваюць пытацца пра тое, як яна стала «такой цудоўнай».

«Да мяне яе пыталі, як яна стала такой пазітыўнай, маўляў, нават танчыць часам на корце. Зразумела, у яе быў добры настрой. Упэўненая, яна не чакала канкрэтных пытанняў аб вайне. Было заўважна, што ёй стала сапраўды некамфортна. Яна пачала пераглядацца са сваім агентам, нервова хіхікала. Але каб яна тут жа захацела сысці — такога я не заўважыла», — кажа журналістка.

Яна кажа, што журналісты на прэс-канферэнцыі заўважылі, як Сабаленка пераглядалася са сваім агентам.

«Падчас маіх пытанняў яна рабіла гэта яшчэ часцей. Можа, шукала ў яго дапамогі. Склалася адчуванне, што яна з агентам мяне хацела неяк маральна задушыць, выклікаць у мяне пачуццё хвалявання. Але мяне такім не прабʼеш. Я бачыла вайну на Данбасе і ў Кіеве. Побач з маiм домам падалі ракеты з (як я кажу, пакуль Лукашэнка ўтрымлівае ўладу) Беларуссiі. Вось гэта было страшна, а не прадажныя і амаральныя тэнісісты», — гаворыць Мешчаракова.

Арына Сабаленка. Фота: rolandgarros.com

Журналістка здзіўляецца: «Як патэнцыйная першая ракетка свету можа падтрымліваць дыктатара і падзяляць ягоныя каштоўнасці?»

«Я зрабіла выснову, што яна крывадушніца, якая проста крыўляецца на публіку», — працягвае яна.

Мешчаракова не лічыць, што на спартыўных мерапрыемствах варта гаварыць толькі пра спорт.

«Ну вядома. Спартсмены ж не кормяцца з Крамля і з рукі Лукашэнкi. Яны гавораць пра палітыку, калі ім гэта выгадна».

На словы Сабаленка, што праз такія пытанні яна «не адчувала сябе ў бяспецы», журналістка заўважыла:

«Ха! Я ёй раю: хай зʼездзіць у Кіеў і заначуе ў маёй кватэры. А ўначы пачнецца абстрэл з Беларусі. Вось гэта небяспечна. А яна проста атрымала пытанні пра яе ж учынкі. Няхай нясе за іх адказнасць. Хопіць ужо з сябе ахвяру строіць».

Nashaniva.com