Як перавозіць грошы праз мяжу?

У Мінскай рэгіянальнай мытні патлумачылі парадак перавозкі наяўных грошай, каштоўных папер і чэкаў праз мяжу.

03.06.2023 / 09:44

Інфармацыю прыводзіць БелТА.

Дэклараваць на мытні трэба наяўныя грошы і дарожныя чэкі, калі агульная сума пры іх адначасовым увозе на мытную тэрыторыю ЕАЭС або адначасовым вывазе перавышае 10 тысяч даляраў. Грашовыя інструменты, за выключэннем дарожных чэкаў, падлягаюць мытнаму дэклараванню незалежна ад іх сумы.

Да грашовых інструментаў адносяцца дарожныя чэкі, вэксалі, чэкі (банкаўскія чэкі), а таксама каштоўныя паперы ў дакументарнай форме, якія пацвярджаюць абавязацельства эмітэнта (даўжніка) па выплаце грашовых сродкаў і ў якіх не пазначана асоба, якой ажыццяўляецца такая выплата.

Дэклараваць трэба ўсю суму наяўных грашай, дарожных чэкаў і грашовых інструментаў, якія перавозяцца. Чалавек павінен запоўніць пасажырскую мытную дэкларацыю. Калі агульная сума такіх наяўных перавышае суму ў 100 тысяч даляраў, дадаткова трэба падаць дакументы, якія пацвярджаюць іх паходжанне.

Выбіраць неабходна чырвоны калідор.

Дэкларантамі могуць выступаць беларусы і іншыя грамадзяне краіны ЕАЭС, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту, або замежнікі, якія маюць на момант перасячэння мытнай мяжы ЕАЭС права валодання, карыстання і (або) распараджэння ў дачыненні да наяўных грашовых сродкаў і (або) грашовых інструментаў.

За незаконнае перамяшчэнне грошай і чэкаў праз мяжу, а таксама недэклараванне наяўных, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню, прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Так, у выпадку недэкларавання можа пагражаць штраф ц памеры ад 5 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй незадэклараваных наяўных або без канфіскацыі (ч.2 арт.15. 5 КоАП). За незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС наяўных у буйным памеры — крымінальная адказнасць у выглядзе штрафу або абмежавання волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін (ч.2 арт. 228 КК).

Nashaniva.com