Навукоўцы: Новы метад выяўлення раку па аналізе крыві дае добрыя вынікі. 2 з 3 дыягназаў верныя

Выпрабаванні метаду дыягностыкі раку з дапамогай аналізу крыві паказалі шматабяцаючыя вынікі, паведамляе каманда брытанскіх і амерыканскіх навукоўцаў, якія працуюць над праектам.

02.06.2023 / 15:55

Пра новую распрацоўку было абвешчана вясной 2020 года. З дапамогай простага аналізу крыві навукоўцы спадзяюцца выяўляць больш за 50 відаў анкалагічных захворванняў на ранніх стадыях, яшчэ да з'яўлення сімптомаў, піша Бі-бі-сі.

Маштабныя выпрабаванні пачаліся ў 2021 годзе ў Брытаніі і ЗША.

Брытанскія навукоўцы паведамляюць, што сярод пяці тысяч чалавек, якія назіраліся ў дактароў агульнай практыкі з падазрэннем на сімптомы ў Англіі і Уэльсе, тэст беспамылкова выявіў рак у кожных двух выпадках з трох.

У 85% выпадкаў ён таксама правільна вызначыў лакалізацыю пухліны.

Механізм тэсту, якому далі назву «Галерэя», заключаецца ў тым, што ён шукае прыкметы хімічных змяненняў, якія трапляюць з пухліны ў кроў, у генетычным кодзе — ДНК.

Навукоўцы падкрэсліваюць, што праца над методыкай далёкая ад заканчэння, але ўжо пасля першай стадыі выпрабаванняў можна сцвярджаць, што колькасць выратаваных пацыентаў узрасце.

Тэст таксама здыме нагрузку на сістэмы аховы здароўя краін, у якіх ён будзе практыкавацца.

Да прыкладу, кажуць навукоўцы Оксфардскага ўніверсітэта, зараз пацыент, які звярнуўся да доктара з такім сімптомам, як страта вагі, павінен прайсці комплекснае абследаванне і здаць цэлы шэраг аналізаў для вызначэння прычын яго стану.

Навукоўцы спадзяюцца, што хутка з дапамогай «Галерэі» можна будзе хутка выключыць самую небяспечную прычыну.

Хоць зараз адмоўны вынік аналізу не з'яўляецца стоадсоткавай гарантыяй адсутнасці ў арганізме захворвання: у 2,5% удзельнікаў выпрабаванняў з сімптомамі, чые тэсты не выявілі наяўнасць раку, ён быў пасля знойдзены з дапамогай традыцыйных метадаў дыягностыкі — сканіравання і біяпсіі.

Ліквідацыю гэтай хібнасці распрацоўшчыкі «Галерэі» называюць сваім прыярытэтам у далейшай працы над праектам.

Тысячы выратаваных жыццяў

Тэст асабліва эфектыўны пры выяўленні цяжка выяўляных відаў раку, такіх як рак галавы і шыі, кішэчніка, лёгкіх, падстраўнікавай залозы і горла.

Першыя вынікі выпрабаванняў будуць сумаваныя ў асобным справаздачы пазней, але ўжо цяпер навукоўцы кажуць аб поспеху.

Сістэма аховы здароўя Вялікабрытаніі NHS плануе распаўсюдзіць выпрабаванні метаду яшчэ на мільён чалавек у 2024 і 2025 гадах.

«Ранняе выяўленне раку жыццёва важна, і гэты тэст можа дапамагчы нам злавіць больш ракавых захворванняў на больш ранняй стадыі і дапамагчы выратаваць тысячы жыццяў», — кажа кіраўнік дэпартамента анкалогіі NHS прафесар Пітэр Джонсан.

Распрацоўка метаду і даследаванні праводзяцца групай амерыканскіх навукоўцаў з інстытута анкалогіі Дана-Фарбер і Гарвардскай медыцынскай школы ў супрацоўніцтве з брытанцамі з Інстытута Фрэнсіса Крыка і універсітэцкага каледжа Лондана. Іх вынікі апублікаваныя ў акадэмічным часопісе Annals of Oncology Выдавецтва Оксфардскага ўніверсітэта.

Праект аплачвае Grail, стартап з Крамянёвай даліны, сярод інвестараў якога — заснавальнік Amazon Джэф Безас.

Чытайце таксама:

У Канадзе знайшлі новы метад барацьбы з курцамі 

Універсальная вакцына супраць грыпу становіцца ўсё больш рэальнай

Helicobacter pylori — небяспечная бактэрыя. Якія сімптомы хвароб, якія яна выклікае

Nashaniva.com