Навагрудак застаўся без вады: на цэнтральным вадаправодзе адбылася аварыя

1 чэрвеня ўвесь Навагрудак застаўся без вады. Прарыў вадаправода адбыўся на скрыжаванні вуліц Скарыны і Юбілейнай, піша мясцовая газета «Новае жыццё».

01.06.2023 / 20:32

Падача вады спыненая па ўсім горадзе, бо «вадавод цэнтральны, ён сілкуе ўвесь горад».

Намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Аляксандр Грыц распавёў, што ў трубе дыяметрам 400 мм адбылося пашкоджанне сталёвага ўчастка, таму неабходны поўны дэмантаж участку трубы ў 1,5 метра і замена яго на поліэтыленавы.

Паводле чыноўніка, работы ўскладняюцца тым, што труба знаходзіцца на глыбіні 4 метраў.

Вада жыхарам горада падвозіцца малакавозамі і цыстэрнай ЖКГ.

Санслужба рэкамендуе выкарыстоўваць для піцця і гатавання ежы ваду, якая ўпакаваная і прадаецца ў крамах.

Nashaniva.com