Уладзімір Арлоў праедзе з літаратурным турам па Еўропе — больш за 10 гарадоў у чатырох краінах

Больш за 10 гарадоў у чатырох краінах наведае ў чэрвені pyfysv пісьменнік Уладзімір Арлоў, каб прэзентаваць свае кнігі.

01.06.2023 / 19:19

Пісьменнік Уладзімір Арлоў падчас сустрэчаў у Польшчы, Нямеччыне, Італіі і Літве найперш прадставіць новую кнігу «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча». Аўтар зачытае таксама ўрыўкі са знакамітых «Імёнаў свабоды» з 410 партрэтамі змагароў за свабоду беларускай зямлі з часоў Тадэвуша Касцюшкі і да нашых дзён, паведамляе Беларуская рэдакцыя Польскага радыё. 

Будуць прадстаўленыя чытачам і іншыя кнігі, выдадзеныя Фондам Kamunikat.org. У тым ліку найноўшае выданне «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны. Таямніцы полацкай гісторыі». Гэтую кнігу Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Беластоку ў апошні дзень мая падчас сустрэчы Гістарычнага Клубу Beer&History.

Сёння прэзентацыя ў Варшаве , Лодзь (2 чэрвеня) і Кракаў (4 чэрвеня).

У межах Дзён Салідарнасці «Культура ў эміграцыі» Уладзімір Арлоў распавядзе пра ўдзел жанчын у паўстанні Кастуся Каліноўскага. Большасць сустрэч будзе праходзіць менавіта з акцэнтам на Паўстанне Кастуся Каліноўскага, бо сёлета адзначаецца 160 год ад паўстання 1863 года.

Ва Уроцлаве (5 чэрвеня) творчая сустрэча «Змагарнае стагоддзе» з пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым будзе прысвечаная беларускай гісторыі ХІХ ст.

У Познані (6 чэрвеня) падчас сустрэчы «Patria aeterna. Айчына — вечная» пісьменнік будзе распавядаць пра псіхалогію творчасці і пра тое як нараджаюцца кнігі.

У Берліне (7 чэрвеня) сустрэча пройдзе пад паўстанцкім заклікам «Межы Айчыны пазначым крывёю!». Падчас сустрэчы будуць раскрытыя новыя факты з жыцця Кастуся Каліноўскага ды малавядомыя старонкі баявых дзеянняў супраць расійскіх войскаў. Пісьменнік раскрые гэтыя тэмы ў адкрытай размове з публікай.

Таксама ў чэрвені запланаваныя сустрэчы пісьменніка з беларускай дыяспарай у Мілане, Балоньі і Рыме (Італія) а напрыканцы месяца — у Літве.

Арганізатарам «літаратурнага турнэ» з'яўляецца беларуская Інтэрнэт Бібліятэка і Фонд Kamunikat.org.

Чытайце таксама:

«Невядомыя беларускія тэксты з атачэння Каліноўскага 1863 года». Беларускі моладзевы хаб запрашае на «Каву з гісторыкам»

Выйшла кніга «Анталогія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт»

Беларуская мастачка зрабіла прыгожыя выцінанкавыя стыкеры

Nashaniva.com