У Фінляндыі хочуць зарэгістраваць усіх катоў

Міністэрства сельскай і лясной гаспадаркі Фінляндыі рыхтуе ўказ аб рэестры катоў, які мусіць уступіць у сілу ў пачатку 2026 года. Задуманы рэестр мае стаць аналагічным уведзенаму нядаўна рэестру сабак: жывёлы чыпіруюцца, і інфармацыя пра іх заносіцца ў спецыяльны каталог.

28.05.2023 / 15:08

Ідэя скіраваная на садзейнічанне больш адказнаму ўтрыманню катоў, спрашчэнне іх ідэнтыфікацыі і прадухіленне пашырэння папуляцыі паўдзікіх жывёл, піша Yle.fi.

Па словах эксперта фінскага Мінсельгаса Ансі Велінга, катоў кідаюць часцей, чым сабак.

Згодна з Асацыяцыі абароны жывёл SEY, у Фінляндыі цяпер налічваецца каля 20 000 бяздомных катоў. І калі палова з іх трапляюць у прытулкі, то каля 10 000 — паўдзікія жывёлы, якія жывуць зграямі.

Калі такія жывёлы не кастрыраваныя і не стэрылізаваныя, то ў выніку іх размнажэння з'яўляюцца каты, за якіх увогуле ніхто не адказвае.

Цяпер ніхто не ведае, колькі насамрэч катоў ёсць у Фінляндыі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, іх крыху менш за 600 000, але рэальна можа быць і больш за мільён. Дзеля таго і патрэбен задуманы рэестр.

Нагляд над выкананнем новага ўказа будзе рабіць Фінляндскае агенцтва харчавання (Ruokavirasto). Калі кот не будзе зарэгістраваны пасля змены закона, то да ўладальніка могуць быць ужытыя санкцыі, напрыклад, штрафы. 

Чытайце таксама:

Калі б коцікі былі аўтамабілямі: для кацінага прытулку зрабілі арыгінальны сайт

Навукоўцы, магчыма, знайшлі найлепшы спосаб паклікаць ката

Сабакі і каты могуць аберагаць ад алергій. Але жыццё за горадам можа быць яшчэ важнейшым

Nashaniva.com