Тэлеграм-каналы якіх СМІ карыстаюцца большай папулярнасцю

Склалі рэйтынг папулярнасці тэлеграм-каналаў беларускіх СМІ. 

01.06.2023 / 14:49

На чым грунтуецца рэйтынг?

Рэйтынг папулярнасці беларускіх тэлеграм-каналаў у катэгорыі «Навіны і СМІ» пабудаваны з дапамогай сэрвісу tgstat.com. Пад увагу бяруцца такія паказчыкі, як агульная колькасць падпісантаў, ахоп допісу (узровень уцягнутасці аўдыторыі), індэкс цытавання і аб'ём кантэнту, прысвечаны падзеям у Беларусі.

Адзначым, што не ўсе каналы, якія там прыводзяцца, мы ўключалі ў рэйтынг. Так, напрыклад, cамы папулярны беларускі тэлеграм-канал «Nexta live», на які падпісана амаль 1,2 мільёна чалавек і які лідзіруе па індэксе цытавання, не з'яўляецца СМІ. Працэнт допісаў, прысвечаных падзеям у нашай краіне, там таксама невялікі.

«Беларускі гаюн» з 535 тысячамі падпісчыкаў таксама не з'яўляецца СМІ ў звыклым разуменні. Асноўная мэта канала — перадаваць інфармацыю пра вайсковую актыўнасць у Беларусі. 

Па гэтай жа прычыне ў топ не трапілі такія папулярныя каналы, як «Беларусь галаўнога мозга» ці «Матолька Дапамажы».

У рэйтынг мы таксама не ўключалі шэраг каналаў з нібыта вялікай аўдыторыяй, якія адразу па некалькі прыкметах маюць «смеццевае» паходжанне. Падрабязней пра такія каналы з дзясяткамі тысяч падпісантаў мы напішам у нашым наступным матэрыяле па тэме. 

Скрыншот з сайта by.tgstat.com

«Зеркала»

Калі казаць менавіта пра каналы беларускіх СМІ, то першае месца па папулярнасці займае тэлеграм-канал «Зеркала». На бягучы момант у яго больш за 278 тысяч падпісчыкаў. Сярод іх 49% праглядвае допісы і робіць гэта цягам сутак пасля публікацыі. Сярэдні ахоп публікацыі складае амаль 136 тысяч чалавек. Як і іншыя каналы беларускіх незалежных СМІ, ён губляе аўдыторыю пад уплывам рэпрэсій. За апошні месяц яго аўдыторыя скарацілася на 10 369 чалавек.

Асноўныя паказчыкі тэлеграм-канала «Зеркала». Скрыншот з сайта tgstat.com

«Анлайнер»

Другое месца па папулярнасці ў «Анлайнера». У тэлеграм-канале налічваецца 114 тысяч падпісчыкаў, а сярэдні ахоп публікацыі складае пад 40 тысяч чалавек.

35% падпісчыкаў чытаюць канал, 31% праглядае допісы цягам 24 гадзін з моманту публікацыі. Колькасць падпісчыкаў «Анлайнера» ў тэлеграме таксама крыху скарачаецца, хоць не так хутка, як у «Зеркала». За апошні месяц яна паменшала на 567 чалавек. За год канал згубіў каля 10 тысяч падпісантаў.

«Наша Ніва»

На трэцім месцы па папулярнасці — і на першым месцы сярод беларускамоўных СМІ — ідзе тэлеграм-канал «Нашай Нівы». На бягучы момант ён налічвае больш за 39 тысяч падпісантаў. 50% аўдыторыі чытае допісы, 47% робіць гэта цягам 24 гадзін пасля публікацыі. Сярэдні ахоп допісу — амаль 20 тысяч чалавек. Як і ў выпадку з каналам «Зеркала», наш канал, нягледзячы на высокія якасныя паказчыкі, працягвае траціць падпісантаў з-за рэпрэсій. Месячны адток склаў амаль 1300 чалавек.

Асноўныя паказчыкі тэлеграм-канала «Наша Ніва». Скрыншот з сайта tgstat.com

«Sputnik Беларусь»

Сярод праўладных медыя найлепшыя пазіцыі ў канала «Sputnik Беларусь», які займае чацвёрты радок у рэйтынгу. Агульная колькасць падпісантаў — больш за 44 тысячы чалавек. Але з уцягнутасцю аўдыторыі не ўсё так салодка. Толькі 20% падпісчыкаў праглядаюць там допісы, 19% робіць гэта цягам 24 гадзін ад моманту публікацыі. Праз гэта сярэдні ахоп допісу меншы за 9 тысяч чалавек.

Пры гэтым лічба падпісантаў канала расце, але рост хвалепадобны, што, прынамсі, ускосна ўказвае на тое, што робіцца гэта штучным чынам.

Але варта адзначыць, што «Sputnik Беларусь» займае першае месца ў рэйтынгу тэлеграм-каналаў СМІ па такім паказчыку, як індэкс цытавання.

БелТА

Пятае месца — у канала БелТА. На канале амаль 54 тысячы падпісчыкаў. Пры гэтым узровень уцягнутасці аўдыторыі вельмі нізкі — усяго 13%, а цягам 24 гадзін допісы чытае толькі 12% аўдыторыі. Сярэдні ахоп публікацыі — 6 831 падпісчык.

Статыстыка падпісак указвае на тое, што канал рэгулярна накручвае аўдыторыю штучным чынам. Гэта пацвярджае той факт, што, нягледзячы на вялікую аўдыторыю, прагляды ў канала невысокія.

Рост колькасці падпісчыкаў тэлеграм-канала БелТА. Скрыншот з сайта tgstat.com

Ад пачатку года аўдыторыя канала БелТА вырасла з 40,5 тысячы падпісчыкаў да 54 тысяч, але лічба праглядаў допісаў за гэты час асабліва не змянілася.

Ахоп допісу ў тэлеграм-канале БелТА з 1 студзеня 2023 года па 28 мая 2023 года. Скрыншот з сайта tgstat.com

Пры гэтым тэлеграм-канал БелТА мае добрыя паказчыкі ў рэйтынгу цытавання. Ён па гэтым параметры саступае толькі «Sputnik Беларусь». Праз вышэйапісаныя акалічнасці, нягледзячы на большую агульную колькасць падпісчыкаў, канал БелТА ў рэйтынгу ідзе за каналам «Sputnik Беларусь».

Рэгіяналы і не толькі

Наступнае месца ў рэйтынгу за рэгіяналамі. Тэлеграм-канал «Сильные Новости — gomel.today» займае шостае месца ў спісе. Агульная колькасць падпісантаў — 24,5 тысячы чалавек. 36% аўдыторыі чытае допісы, 30% робіць гэта цягам сутак пасля публікацыі. Сярэдні ахоп публікацыі — 8 646 чалавек.

«Белсат»

Сёмае месца ў тэлеграм-канала «Белсат».

Агульная лічба падпісчыкаў больш за 30 тысяч чалавек. Узровень уцягнутасці аўдыторыі даволі нізкі — 20%, допісы цягам сутак пасля публікацыі праглядае 19% падпісантаў. Сярэдні ахоп допісу — 5 648 чалавек. Але пры гэтым «Белсат» мае высокія паказчыкі ў графе «індэкс цытавання».

Далей у нашым спісе ідуць:

8 месца — тэлеграм-канал «Кулуары KYKY»;

9 месца — тэлеграм-канал «Smartpress.by / Новости».

Замыкае дзясятку лідараў тэлеграм-канал яшчэ аднаго рэгіянальнага выдання — «s13.ru — Новости Гродно».

Як паказвае статыстыка, незалежныя медыя, большасць з якіх заблакаваная і прызнаная экстрэмісцкімі, працягваюць утрымліваць лідзіруючыя пазіцыі, хоць і губляюць падпісчыкаў. Адбываецца гэта на фоне перманентных рэпрэсій за падпіскі на падобныя каналы. Кожная новая хваля рэпрэсій робіць гэты працэс больш заўважным. Тым не менш у дзяржаўных медыя дагэтуль не атрымліваецца наблізіць па папулярнасці свае тэлеграм-каналы да каналаў незалежных СМІ.

Чытайце таксама: 

Як падрыхтавацца да пераходу мяжы? Распыталі ў тых, хто яе нядаўна праходзіў

Ютуб-канал Валерыя Сахашчыка і яго старонка ў інстаграме, а таксама зборнік польскіх песень папоўнілі спіс экстрымісцкіх матэрыялаў

Даніла Луцкевіч