У Нацыянальнай акадэміі навук схапілі магістра сацыялогіі

Супрацоўніка Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Андрэя Баханова затрымалі і кінулі на Акрэсціна. 

27.05.2023 / 22:19

Андрэй Баханоў. Фота са старонкі ў Фэйсбуку Сяргея Бесараба

Пра арышт Сяргея Баханова паведамілі праваабаронцы. Па іх звестках, навукоўца 24 мая супрацоўнікі міліцыі вывезлі проста з працоўнага месца.

Раней пра зняволенне Баханова паведаміў навуковец Сяргей Бесараб. Ён сцвярджае, што затрыманне адбылося па «асабістым загадзе» старшыні НАН Уладзіміра Гусакова.

«Сёння «тэрмінова выкліканы да дырэктара» і там затрыманы супрацоўнік Істытута сацыялогіі НАН Беларусі (па сумяшчальніцтве галоўны сістэмны адміністратар інстытутаў сацыялогіі і філасофіі) — Андрэй Генадзевіч Баханоў», — напісаў Сяргей Бесараб.

Паводле крыніц Бесараба, меркаванай нагодай для зняволення Баханова стаў яго подпіс пад зваротам беларускіх навукоўцаў супраць гвалту ў 2020 годзе. Бесараб спасылаючыся на звесткі праваабарончага цэнтру «Вясна» паведамляў, што яго калегу ўтрымліваюць у ізалятары на Акрэсціна.

Крыніцы «Нашай Нівы» паведамілі, што Баханова зняволілі нібыта за «зняважлівыя» каментары ў сацыяльных сетках і перасылку «нейкай рабочай інфармацыі».

У дзень, калі быў апублікаваны пост Бесараба, у Інстытуце сацыялогіі сказалі, што не ведаюць пра затрыманне супрацоўніка.

У прэсавай службе Нацыянальнай акадэміі навук таксама заявілі, што інфармацыяй пра затрыманне Баханова не валодаюць, але параілі звярнуцца ў праваахоўныя органы.

Андрэй Баханоў — магістр сацыялогіі, навуковы супрацоўнік аддзелу сацыяльнай тэорыі і метадалогіі. У інстытуце малодшым навуковым супрацоўнікам робіць з 2013 году. Ён скончыў магістратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук ды аспіранту Інстытута сацыялогіі.

Баханоў мае шэраг навуковых публікацыяў, прысвечаных сацыяльным паводзінам моладзі.

Улетку 2021 года затрымліваўся ў рамках адміністрацыйнай справы за палітыку.

 

Глядзіце таксама:

Вядомы хімік склаў партрэт рэпрэсаванага навукоўца. Некаторыя высновы нечаканыя
«Досвед палітычна матываванага арышту дае самы важны ўрок: ты адзін, ніхто не прыйдзе і не выратуе». Сацыяльная менеджарка падзялілася развагамі
«Як навуковец — пустое месца»: сын старшыні НАН і таварыш міністра адукацыі ў 33 гады стаў прарэктарам БДЭУ

Васіль Вашчыла