З магілёўскай хіміі вызваліліся двое палітвязняў

25 і 26 траўня з папраўчай установы адкрытага тыпу № 43 у Магілёве выйшлі на волю Аляксандр Аграйцовіч і Дзмітрый Таратун.

27.05.2023 / 18:40

Як нагадвае «Вясна», Дзмітрый Таратун быў асуджаны на 3 гады «хіміі» паводле ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) за тое, што размясціў малюнкі «грамадска-палітычнага зместу».

Аляксандр Аграйцовіч, назіральнік за выбарамі, быў асуджаны за паклёп на прадстаўнікоў выбарчай камісіі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе.

Паводле версіі абвінавачвання, ён апублікаваў на сваім youtube-канале «Дзённікі назіральніка» у маі 2020 года загадзя ілжывыя звесткі пра чальцоў выбарчай камісіі, якія знеслаўляюць іх гонар і годнасць. У відэа Аграйцовіч адзначыў, што яны з'яўляюцца фальсіфікатарамі выбараў і ў перыяд датэрміновага галасавання здзейснілі падробку дакументаў.

Абодва палітвязні былі вызваленыя па амністыі незадоўга да заканчэння іх тэрмінаў.

Nashaniva.com