Сумнавядомы гомельскі правакатар распыліў слёзацечны газ і быў затрыманы

Ён паскардзіўся на дзеянні міліцыі ў сваім відэа, але неўзабаве яго выдаліў.

27.05.2023 / 14:34

Гомельскі правакатар Яўген Катляроў (Какойта) 24 мая апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку відэа, на якім паказана ягонае затрыманне міліцыяй. Катляроў паскардзіўся на супрацоўніка ДАІ, які ўжыў сілу ў дачыненні да яго сябра:

«Вось гэта супрацоўнік ДАІ практыкуецца на чалавеку са зламанай рукой», — пракаментаваў відэа з затрыманнем сябра Катляроў.

Флагшток распавядае, што адбылося.

Гісторыю здарэння распавёў сам Катляроў на сваёй старонцы YouTube пару дзён таму. Відэазапіс ужо выдалены, але Флагшток зрабіў копію.

На відэа Катляроў паказаў запіс з аўтарэгістратара ў яго аўтамабілі. У рэгістратары паказаная няправільная дата. Умовы надвор'я і наяўнасць машкары паказваюць на тое, што запіс мог быць зроблены 22 мая, калі ўпершыню фрагмент гэтага відэа з'явіўся ў Гомельскім аўтамабільным чаце.

Па словах Катлярова, ён разам са сваім знаёмым Рыгорам і яшчэ некалькімі людзьмі прыехалі на месца ДТЗ, якое адбылося на трасе М-8 недалёка ад вёскі Сасноўка пад Гомелем. Спачатку ён сустрэў вінаватага ДТЗ — кіроўцу грузавіка. На яго аўтамабілі на хаду зляцела кола і ўдарыла як мінімум у адзін легкавы аўтамабіль.

Затым Катляроў пад'ехаў разам з вінаватым у ДТЗ да пацярпелых — кіроўцаў некалькіх легкавых аўтамабіляў. Пацярпелыя прынялі Катлярова за вінаватага ДТЗ. Пад'ехаў нарад ДАІ Гомельскага раёна, верагодна, падумаў таксама.

У гэты момант завязалася бойка: адзін з пацярпелых у ДТЗ рэзкім рухам рукі напалохаў Катлярова. Катляроў пастараўся яго ўдарыць, але ў яго нічога не атрымалася. Затым ён стаў распыляць балончык са слёзацечным газам, імкнучыся трапіць у твары двух мужчын.

У выніку работнік ДАІ паклаў Катлярова на зямлю. Іншы міліцыянт жорстка паклаў на зямлю знаёмага Катлярова — Рыгора.

Па словах Катлярова, у міліцыянта не аказалася кайданкоў і ён пакінуў аднаго з пацярпелых ахоўваць Рыгора. У працэсе затрымання ў Рыгора былі раздробленыя косткі рукі. У пацверджанне Катляроў размясціў фатаграфію Рыгора ў бальніцы з траўмаванай рукой.

Дзеянні даішнікаў Катляроў пракаментаваў у мяккай форме:

«Хачу падкрэсліць «найвышэйшую» кваліфікацыю нашых двух гомельскіх даішнікаў з Гомель-сельскай, так званага… Прафесіяналізм нашых даішнікаў і ўпартасць — во!»

Апроч таго, Катляроў паведаміў, што міліцыянт хоча яго засудзіць «за непадпарадкаванне». У доказ гэтага ён прывёў аўдыёзапіс размовы.

«Вы можаце мяне чапляць, толькі ў судзе мы сустрэнемся з вамі. Вы гэта разумееце самі. Я маю права сам сустрэчны пазоў напісаць на вас. … На што? Па-першае, за непадпарадкаванне…», — паведамляе даішнік Катлярову па тэлефоне.

Праз суткі Катляроў выдаліў публікацыю аб тым, што адбылося са сваёй старонкі ў фэйсбуку. Сёння там з'явілася паведамленне аб магчымым пераследзе Катлярова.

Міліцыя не ўключыла гэты інцыдэнт у свае зводкі.

Чытайце таксама:

Правакатар з Гомеля спрабуе падмануць незалежныя СМІ. Часам атрымліваецца

Праўладныя прапагандысты павяліся на фэйк пра Пушкіна ад гомельскага правакатар

Nashaniva.com