«Я ніколі не пераставаў быць верным яму». Макрон назваў свой любімы футбольны клуб. І гэта не ПСЖ

Прыхільнік «Алімпік Марсэль» Эманюэль Макрон адправіў віншаванне ў гэтую пятніцу ў з нагоды 30-годдзя перамогі клуба ў Лізе чэмпіёнаў.

27.05.2023 / 11:53

Эманюэль Макрон. Фота: AP

Макрон, які нарадзіўся ў Ам'ене, адсутнічаў на юбілейных урачыстасцях, таму даслаў віншаванне.

«Я хацеў сказаць вам, што я вельмі моцна думаў пра вас. Па-першае, бо ў той вечар, 30 гадоў таму, вы прымусілі мяне марыць і трапятаць, як мільёны іншых французаў, а не толькі жыхароў Марсэля, — напісаў Эманюэль Макрон. — Па-другое, як вы ведаеце, я ніколі не пераставаў быць верным ОМ, і вы — міфічнае пакаленне, якое дазволіла атрымаць гэтую еўрапейскую зорку і назаўжды стаць першымі! Зноў і зноў!»

26 мая 1993 года «Алімпік Марсэль» выйграў у фінале ў «Мілана» з лікам 1:0. Адзіны гол забіў Базіль Балі. Марсэльцы сталі першымі і пакуль адзінымі ў гісторыі французскага футбола пераможцамі гэтага турніру, Дзідзье Дэшам — самым маладым капітанам каманды, якая выйграла Кубак чэмпіёнаў, а Фаб'ен Бартэз — самым юным галкіперам з тых, хто перамагаў у турніры.

Апошні раз «Марсэль» быў чэмпіёнам Францыі ў 2010 годзе. Зараз у чэмпіянаце клуб ідзе на трэцім месцы.

Чытайце таксама:

Мбапэ атрымае 90 мільёнаў еўра, калі не пакіне «Пары Сен-Жэрмен»

ПСЖ хоча прапанаваць Месі мегакантракт. Гэта проста рэкордныя грошы

Англійскі фанат атрымаў квіткі на фінал Лігі канферэнцый за бойку. Такое бывае

Nashaniva.com