Вось як памянялася французскае грамадства. Тое самае чакае грамадства беларускае?

Прэзідэнт Францыі на гэтым тыдні сустрэўся з чатырма сацыёлагамі, якія расказалі яму пра змены ў грамадстве, у чаканнях людзей ад жыцця і ад дзяржавы і іх каштоўнасцях. Некаторыя з прыведзеных імі лічбаў уражваюць.

27.05.2023 / 17:05

Сквер у Страсбургу, Францыя. Фота: Наша Ніва

З некаторымі вывадамі даследчыкаў знаёміць французскае выданне Le Monde і адзначае, што гэтая сустрэча адбылася праз два тыдні пасля аналагічнай, у якой бралі ўдзел эканамісты. Прэзідэнт Эмануэль Макрон з дапамогай экспертаў шукае шляхі выхаду з сацыяльнага крызісу. 

Сярод прысутных на сустрэчы былі Жэром Фурке (Jérôme Fourquet) і Жан-Ларан Касэлі (Jean-Laurent Cassely). У 2021 годзе яны атрымалі прэмію Economics Book Prize 2021 за кнігу «Францыя ў нас на вачах» («La France sous nos yeux»), у якой яны апісваюць змены ў французскім грамадстве.

Вучоныя звяртаюць увагу на тое, што з пачатку 1990-х гадоў ва Францыі пачалася новая эпоха, для якой характэрна эканоміка спажывання, турызму і адпачынку, якая змяніла эканоміку, заснаваную на прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці.

Новая эканоміка, адзначаюць даследчыкі, змяніла не толькі працоўныя месцы, але і краявіды, лад жыцця і гарадское планаванне. Ускраіны гарадоў сталі напаўняцца гандлёвымі цэнтрамі, у якіх побач з гіпермаркетамі, франчайзінгавымі крамамі з'явіліся кінатэатры, боулінгі і іншыя атракцыёны. Менавіта яны сталі новымі грамадскімі цэнтрамі замест цэнтраў гарадоў, як раней.

Вучоныя адзначаюць, што ўзнікла «прыгарадная цывілізацыя» са сваімі жылымі кварталамі, развязкамі, гандлёвымі цэнтрамі і пунктамі выдачы тавараў Amazon (у Беларусі аналагамі могуць быць Wildberries ці Оzon). Змяніліся і людзі, якія пад уплывам амерыканскай культуры пачалі марыць пра ўласныя дамы, імкнуцца да незалежнасці і свабоды. 

Даследчыкі заўважаюць, што ў эканоміцы, галоўным рухавіком якой зʼяўляецца спажыванне, увесь час нараджаюцца новыя патрэбы і новыя прадукты. У выніку на працягу апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў сярэдні ўзровень камфорту павышаецца і павышаецца.

У той жа час назіраецца і паступовае расслаенне «сярэдняга класа» на «прэміяльную» групу ўверсе і «другасную» унізе. Сімвалам апошняй сталі радыкальныя зніжкі, танныя аўтамабілі (у Францыі іх сімвалам зʼяўляецца марка Dacia) і сайт абвестак Leboncoin (у Беларусі яго аналагам можна назваць Kufar). Усё больш і больш французаў вымушаны практыкаваць «эканоміку кемлівасці» і наведваць дыскаўнтары.

Вучоныя адзначаюць, што менавіта расчараванне паміж пастаянна растучымі стандартамі спажывання і сродкамі, якія не паспяваюць за імі, сфармавала псіхалагічную глебу для нараджэння «жоўтых камізэлек» (руху сацыяльнага пратэсту).

Карыстаючыся марксісцкай тэрміналогіяй, вучоныя даводзяць, што французская эканамічная мадэль сутыкаецца з сурʼёзнымі ўнутранымі супярэчнасцямі. Крах прамысловасці прывёў да канца фардызму, пры якім заробкі дазвалялі рабочым купляць вырабленую імі прадукцыю. У эканоміцы паслуг шмат нізкакваліфікаваных і нізкааплатных працоўных месцаў. Таму ўсё большая доля насельніцтва не можа ўгнацца за ростам спажывання.

У той жа час, як адзначыў пад час сустрэчы Жэром Фурке, «купчая здольнасць стала вельмі моцным статусным паказчыкам. Яна ляжыць у аснове пачуцця прыніжанасці ў грамадстве спажывання. Калі ў вас у 50 гадоў няма гадзінніка Rolex, вы пражыді жыццё дарма. Калі вы не можаце дазволіць сабе Nike ці Nutella, вы ніхто».

Вучоны выкарыстаў назву вядомай маркі шакаладу, згадаўшы такім чынам пра «бунты Nutella», якія адбыліся ў студзені 2018 года. Тады папулярная сетка супермаркетаў знізіла на 70% цэны на папулярную шакаладна-арэхавую пасту Nutella. Гэта выклікала вялікі ажыятаж і канфлікты сярод наведнікаў. У некаторых выпадках прыйшлося выклікаць паліцыю. «Бунты Nutella» сталі сімвалам інтэнсіўнай спажывецкай культуры і ілюстрацыяй, як масавы маркетынг і зніжкі ўплываюць на паводзіны людзей.

З другога боку, калі раней праца была мэтай, цяпер людзі хочуць больш часу прысвячаць самім сабе. Грамадства моцна змянілася.

«Французы імкнуцца вярнуць кантроль над сваім жыццём», — падкрэслівае вучоны.

Le Monde прыводзіць лічбы, якія былі агучаны пад час сустрэчы. У 1960 годзе 35% французаў хадзілі ў царкву ў нядзелю, а іншыя 25% галасавалі за Камуністычную партыю. У 2023 годзе ў царкву ходзяць 4%, а за камуністаў галасуюць 2,5%.

Аб імкненні да індывіалізму сведчаць шакуючыя для ранейшых пакаленняў лічбы, што ў краіне 67% дзяцей нараджаецца па-за шлюбам, а 37% маладых дзяўчат не хочуць мець дзяцей.

Па словах Жэрома Фурке, адзначаныя працэсы вядуць да напружанасці ва ўсіх слаях грамадства. Сацыёлаг устрывожаны тым, што ў грамадстве «ідзе працэс дэцывілізацыі» ў адрозненне ад працэсу «цывілізацыі нораваў», які быў апісаны нямецкім сацыёлагам Норбертам Эліясам (Norbert Elias).

Выданне цытуе словы прысутнага на сустрэчы прафесара эканомікі Філіпа Мааці (Philippe Moati), даследчыка руху «жоўных камізэлек», які прапанаваў прэзідэнту Макрону

«ўтаймаваць «сірэн» спажывання: рэгуляваць рэкламу, заахвочваць кампаніі ўкараняць мадэлі, якія менш залежаць ад колькасці спажывання».

У такіх мадэлях больш увагі ўдзяляецца якасці, інавацыям і задавальненню канкрэтных запытаў спажыўцоў. Яны могуць быць рэалізаваныя, напрыклад, праз вытворчасць на замову, калі магазіны папярэдне збіраюць замовы на тавары, а потым іх дастаўляюць. Такі падыход садзейнічае больш эфектыўнаму выкарыстанню рэсурсаў і большаму задавальненню спажыўцоў.

Чытайце яшчэ:

У вёсках Швецыі пачалі з’яўляцца крамы без супрацоўнікаў

Бэстсэлер: Чаму адны краіны багатыя, а другія — бедныя

Антось Жупран