Па колькі купляюць кватэры ў элітным новым квартале каля Плошчы Перамогі?

З'яўленне ў самым цэнтры Мінска квартала «Дэпо» ўзрушыла сэрцы гараджан. Спачатку, калі забудоўшчык яшчэ не прыступіў да рэалізацыі праекта, на лакацыю заглядваўся ў тым ліку беларускі сярэдні клас. Аднак крыху пазней, пасля таго як былі агучаны цэны на метры, стала зразумела, што разлічваць на жыллё ў раёне плошчы Перамогі змогуць толькі вельмі і вельмі багатыя людзі, піша «Анлайнер».

25.05.2023 / 16:21

«Дэпо». Фота: «Анлайнер»

«Квадрат» у раёне $3500 па курсе плюс парковачнае месца за $30 000 у эквіваленце.

У снежні мінулага года «А-100 Дэвелапмент» здаў першы «кубік» у новым квартале. За ім рушылі ўслед і два іншыя. Шчаслівыя дольшчыкі атрымалі ключы ад шыкоўных кватэр і пачалі рабіць рамонты.

Мяркуючы па ўсім, большая частка метраў была разабраная яшчэ на этапе будаўніцтва. Але і свабодныя кватэры засталіся.

Каб праверыць, па якіх цэнах куплялі там кватэры, журналісты звярнуліся да базы даных Нацыянальнага кадастравага агенцтва.

Мяркуючы па даных, прыведзеных у НКА, з пачатку года ў жылым комплексе «Дэпо» былі прададзеныя дзве кватэры. 

Не так даўно, у пачатку мая, новага гаспадара знайшлі 88,7 квадратнага метра ў доме № 6б па Кісялёва. Кватэра знаходзіцца на прамежкавым, чацвёртым паверсе. За яе ўласнік выклаў амаль 1 104 000 рублёў, або $380 555 па курсе. Такім чынам, адзін квадратны метр у фармаце White box абышоўся пакупніку ў $4290 у эквіваленце.

У гэтым жа доме, але ў красавіку была прададзеная кватэра на пятым паверсе плошчай 124 квадратныя метры. За гэтае хараство кліент аддаў 1 427 350 рублёў, або $485 974 па курсе. У выніку адзін «квадрат» ацанілі прыкладна ў $3915 у эквіваленце.

Увогуле, разлічваць на зніжкі і распродажы не даводзіцца: метры сыходзяць і па тых цэнах, якія лічыць справядлівымі забудоўшчык.

Nashaniva.com