Першыя 20 украінскіх пілотаў пачнуць навучанне на F-16 у Брытаніі

Каля 20 украінскіх пілотаў пачнуць першы этап навучання на F-16 знішчальніках у Вялікабрытаніі. Як піша «Еўрапейская праўда», пра гэта паведамляе Foreign Policy са спасылкай на неназванага прадстаўніка брытанскага ўрада.

25.05.2023 / 11:20

«Гэта будуць базавыя наземныя трэніроўкі ўкраінскіх пілотаў, пасля якіх яны будуць гатовы да больш спецыялізаванай падрыхтоўкі па кіраванні знішчальнікамі F-16 (або іншымі ваеннымі самалётамі)», — сказаў суразмоўца.

Украіна спадзяецца адправіць на навучанне тых, хто ўжо добра валодае англійскай мовай, каб паскорыць працэс падрыхтоўкі.

Трэніроўка па курсе НАТА «Увядзенне ў асновы кіравання знішчальнікамі» будзе ўключаць трэнажоры і рэальныя самалёты.

На мінулым тыдні Вялікабрытанія абвясціла аб пачатку працы міжнароднай кааліцыі краін, накіраванай на навучанне ўкраінскіх лётчыкаў на знішчальніках чацвёртага пакалення, у тым ліку і F-16. У кааліцыю ўжо ўваходзяць Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Данія, ЗША і Партугалія.

Выконваючы абавязкі міністра абароны Даніі Траэльс Лунд Поўльсэн заявіў, што ўкраінскія пілоты могуць пачаць трэніроўкі на знішчальніках F-16 у ліпені. Нарвегія падтрымае падрыхтоўку і навучанне ўкраінскіх пілотаў і персанала на знішчальніках F-16.

Nashaniva.com