За атакай дронаў на Крэмль можа стаяць Украіна — NYT

У Вашынгтоне лічаць, што за атакай беспілотнікаў на Крэмль, якая адбылася ў пачатку мая, можа стаяць Украіна, піша New York Times са спасылкай на крыніцы ў Белым доме. Такія высновы амерыканская разведка зрабіла на аснове перахопаў паведамленняў расійскага і ўкраінскага бакоў.

25.05.2023 / 10:46

Першапачаткова некаторыя амерыканскія чыноўнікі разглядалі атаку на Крэмль як інсцэніроўку Масквы, закліканую прывесці да эскалацыі канфлікту. Аднак потым ЗША перахапілі паведамленні, у якіх расійскія афіцыйныя асобы абмяркоўвалі інцыдэнт і вынікі папярэдняга расследавання. Як аказалася, расійскія ўлады былі здзіўлены атакай беспілотніка і вінавацілі ў тым, што адбылося Украіну, піша Бі-бі-сі.

Аналагічным чынам высветлілася, што некаторыя ўкраінскія чыноўнікі схільныя лічыць атаку на Крэмль справай рук іх краіны, піша NYT.

Крыніцы ў ЗША падкрэсліваюць, што высновы амерыканскай разведкі — толькі здагадка. Дастатковых звестак аб дачыненні Украіны няма.

Выданне нагадвае, што ЗША-найбуйнейшы ў свеце пастаўшчык узбраенняў Украіне і падобныя інцыдэнты вельмі турбуюць адміністрацыю Джо Байдэна. У Белым доме асцерагаюцца, што яны могуць даць Расіі нагоду распаўсюдзіць вайну за межы Украіны.

Зараз ЗША таксама вывучаюць абставіны ўварвання праўкраінскіх дыверсійных груп у Белгарадскую вобласць, які адбыўся на гэтым тыдні.

Амерыканскія чыноўнікі лічаць, што гэта таксама магло быць акцыяй, спланаванай у Кіеве, нягледзячы на тое, што адказнасць за яе ўзялі на сябе добраахвотніцкія групоўкі.

Таксама ў ЗША дапускаюць, што Украіна датычная да забойства Дар'і Дугінай — дачкі расійскага ідэолага вайны Аляксандра Дугіна, якую ўзарвалі ў аўтамабілі ў жніўні мінулага года, піша NYT.

Украінскія ўлады афіцыйна не бралі на сябе адказнасць за гэтыя атакі.

Чытайце таксама:

Трэцяга мая была спроба ўдару беспілотнікамі па Крамлі 

«Квартал-95 пераігрывае Крэмль». Як расійскія і беларускія прапагандысты адрэагавалі на начныя выбухі ў Крамлі

Інстытут вывучэння вайны лічыць атаку дронаў на Крэмль інсцэніроўкай і тлумачыць чаму

Nashaniva.com