«Грэць насенне сталі яшчэ ў лютым». Як на Століншчыне вырошчваюць раннюю бульбу

Літаральна праз тыдзень на прылаўках беларускіх магазінаў можа з'явіцца наша ранняя капуста, а ў першай палове чэрвеня — маладая бульба. Столінскія фермеры ў гэтым сезоне плануюць замясціць айчыннай гароднінай імпарт і гатовыя прадаць каля 20 тыс. тон. Ці можна тут Беларусі зусім абысціся без імпарту, выданне Office Life разбіралася на прыкладзе адной з фермерскіх гаспадарак.

22.05.2023 / 22:30

«Грэць насенне пачалі ў лютым»

Шлях ранняй бульбы: ад насення да поля

За рулём белага Wrangler Sahara, па якім журналістаў вязуць па полі — кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Люберт» Васіль Грыб. Ён родам з Альшан Столінскага раёна, але на працу кожны дзень ездзіць прыкладна за 70 кіламетраў — у вёску Плотніца.

У яго сям'і каля 1200 гектараў угоддзяў, дзе яны вырошчваюць бульбу, капусту, моркву і яблыкі. Раннюю гародніну прадаюць на ўнутраным рынку, 80% позніх гатункаў гародніны і яблыкаў закупляюць прадпрымальнікі і гандлёвыя сеткі Расіі. Прадукты столінскіх фермераў у тым ліку можна сустрэць у расійскіх крамах «Дыксі», «Магніт» і «Пяцёрачка».

Сям'я Грыб-вядомая на Палессі, усе спакон вякоў займаліся фермерствам і вырошчвалі гародніну. Цяпер у гэтай сферы сам Васіль і яго чатыры браты.

Вялікія сем'і для гэтага рэгіёну — абсалютна звычайная сітуацыя. У іх з дзяцінства прывыклі працаваць на сваёй зямлі і зарабляць менавіта сельскай гаспадаркай.

Васіль спыняе машыну на краі бульбянога поля, наракае, што з-за замаразкаў зялёнае бацвінне з краю памерзла і пачарнела:

«Маразы былі, доўга халадзіла. Але ў Беларусі бацвінне пачынае ў таго-сяго з фермераў толькі выходзіць з зямлі, а ў нас — хутка цвісці будзе! Усяго пару дзён таму з гэтага, здаецца, бязмежнага поля знялі спанбонд, бульба ўжо цвіце, а прыкладна 15 чэрвеня тут будуць збіраць ураджай.

Гэта ранняя бульба, якую жыхары сталіцы і ўбачаць у крамах. Але да прылаўка яна праходзіць звілісты шлях. Яшчэ мінулай зімой 30-40 тон насення ультраранняга сорта «Каломба» закупілі ў Нідэрландах. Прыкладны кошт адной тоны такога насення — 1500 еўра. Менавіта гэты сорт ранняй бульбы падыходзіць для нашага клімату.

Насенне закупляюць кожны год, але яго кругазварот у прыродзе такі:

напрыклад, у студзені 2022 года насенне з Нідэрландаў прывезлі ў Столінскі раён, у красавіку высадзілі, а восенню сабралі ўраджай. І вось з гэтага ўраджаю выбралі насенне, зімой ужо 2023 года перасыпалі ў пластмасавыя скрыні па 15 кілаграм, у пачатку лютага аднеслі ў цяпліцу.

Цяпліцы ацяпляныя: гэта трэба для таго, каб бульба прагрэлася і пусціла парасткі. Бульба ляжыць там амаль два месяцы, і ўвесь гэты час мінімум раз на тыдзень яе трэба пераварочваць.

І вось у канцы сакавіка бульбу ўручную высадзілі на гэтае поле, накрылі спанбондам і знялі яго толькі цяпер.

Механізаваная праца чужая гэтаму ультраранняму сорту. Каб атрымаць выдатны прадукт, кожную бульбіну тут садзяць у зямлю рукамі, а потым таксама ўручную і збіраюць. Для гэтага фермер дадаткова запрашае на некалькі дзён сезонных рабочых — іх прыкладна 30 чалавек.

З гэтага поля ў 100 гектараў Васіль плануе сабраць каля 2-3 тыс. тон ранняй бульбы. Магло быць і больш, калі б не замаразкі. Нават спанбонд не дапамог паўнавартасна ад іх засцерагчыся. Каб адбіць выдаткі, трэба прадаць бульбу коштам не меншым за адзін рубель за адзін кілаграм.

«Але летась мы прадавалі па 45-60 капеек за кілаграм і атрымалі страты».

Усю раннюю бульбу забіраюць гандлёвыя сеткі

Васіль Грыб часта наведвае сустрэчы фермераў з уладамі. Напрыклад, у красавіку гэтага года была такая сустрэча з намеснікам прэм'ер-міністра Леанідам Зайцам і старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Юрыем Шулейкам. Фермер гаворыць, што дзякуючы гэтым мерапрыемствам яшчэ з мінулага сезону мясцовыя вытворцы сталі шчыльна працаваць з крамамі.

«У Беларусі вялікая патрэба ў ранняй бульбе, усё прадаем унутры краіны. Каля 50% нашай ранняй прадукцыі забірае «Еўраопт», астатнюю — «Санта Рытэйл», «Алмі» і іншыя. Дамаўляцца з гандлёвымі сеткамі наўпрост лепш, чым праз пасярэднікаў. Пасярэднік сабе забірае яшчэ 15-20 капеек з кілаграма.

На пастаўкі ў крамы дамаўляемся прыкладна за тыдзень да збору ўраджаю, а калі ўраджай сабралі, самі развозім бульбу па гандлёвых сетках у Беларусі».

На думку Васіля Грыба, вырасціць маладую бульбу раней, чым да сярэдзіны чэрвеня, у Беларусі праблематычна. Таму ўсё адно ў красавіку-маі даводзіцца закупляць яе ў краінах з больш цёплым кліматам.

«Бульба вельмі баіцца марозу. Бачыце, як мы яе выграваем у цяпліцах, накрываем спанбондам, а ўсё адно шмат памерзла. Са 100 гектараў, якія засадзілі, добры ўраджай атрымаем толькі з 50 гектараў. Астатняя бульба будзе мучыцца ў зямлі, пакуль не пусціць новыя карані, а гэта значыць, што капаць яе мы будзем толькі ў ліпені».

Цану на раннюю бульбу фармуе рынак. Фермер кажа, што беларускую ў чэрвені прадаюць танней за імпартную, каб рэалізаваць тавар у сезон.

А што з ранняй капустай?

Падчас паездкі на яшчэ адно поле — яно засаджанае ранняй капустай, — Васіль Грыб расказвае пра бацькоўскую сям'ю.

«Усе мы са Столінскага раёна, нікога з іншых месцаў у нашай сям'і няма. Бацька быў фермерам, сям'я вялікая — дзевяць дзяцей. У нас, як і ў многіх у Альшанах, былі цяпліцы, усё школьнае дзяцінства вырошчвалі агуркі, памідоры, капусту… Калі выраслі, ажаніліся, купілі з братам закінуты ліцейны завод, да яго выдзелілі зямлю. Так усё і пачалося…»

Раннюю капусту фермер плануе зрэзаць прыкладна праз тыдзень. Пад яе адвялі 160 гектараў зямлі. Васіль беражліва паказвае нам маленькія пупышкі, якія ўсяго праз дзён з 10 стануць большымі разы ў два.

Сетка паставак у крамы для капусты — тая ж, што і для маладой бульбы. Насенне таксама везлі з Нідэрландаў, высаджвалі ў цяпліцах, затым падрослую расаду — на поле пад спанбонд. Усё зноў уручную, нават праполка: калі труціць пустазелле адмысловымі растворамі, у капусту патрапяць нітраты.

Каб выйсці ў нуль, яе таксама трэба прадаць не танней аднаго рубля за кілаграм. Мінулы год быў стратны: цэны ў канцы сезону моцна ўпалі. Але адразу трэба агаварыць, што ў фермера розныя сарты капусты — вырошчвае ён не толькі раннюю, але і познюю, таму прадае яе і зімой.

Фермерам патрэбныя не крэдыты, а добрая зямля

«Фермеры адмаўляюцца вырошчваць гародніну, таму што вялікія рызыкі. Летась на капусце я панёс страты. Даводзіцца браць крэдыты ў банках пад 15-18%. А як без іх?

Капусту ўсю зіму прадавалі па 19-20 капеек за кілаграм, а яе сабекошт — 45. Як я без крэдыту магу ў гэтым годзе запусціцца? Цяпер чакаю крэдыт, каб узяць угнаенне і пасадзіць позні тавар».

Але, як ні дзіўна, сёння для развіцця бізнэсу Васіля Грыба самая вялікая праблема — нават не грошы і не пераменлівы беларускі клімат. Для шчасця яму і братам-фермерам трэба яшчэ 1000 гектараў добрай зямлі.

«Сёлета далі зямлю — зверху пясок, знізу балота, дзесьці выкарчоўвалі… Калі б у мяне была добрая зямля, мы б вырасцілі яшчэ больш бульбы. А калі б зноў прагарэлі на капусце, то запусцілі б клубніцы, маліны, ажыны і зеляніна. Клопату багата, укласціся трэба больш, але больш выгадна. Мы такія — заўсёды глядзім наперад», — вобразна кажа Васіль.

І яму верыш.

Чытайце таксама:

На Камароўцы ўжо прадаюць маладую бульбачку. Якая цана?

Чым харчуюцца беларусы і колькі гэта каштуе

Раннюю капусту і бульбу замест іншаземцаў будуць пастаўляць столінскія фермеры

Nashaniva.com