Качанава знайшла спосаб вырашыць праблемы «Полацк-Шкловалакна»

У пачатку мая на прадпрыемстве «Полацк-Шкловалакно» адбыўся дзень інфармавання, падчас якога генеральны дырэктар чыстасардэчна расказаў калектыву пра тое, што прадпрыемства моцна пацярпела ад санкцый, прадукцыю няма куды дзець, а частка работнікаў дзеля таго пераводзіцца ў стан прастою. Падрабязная справаздача пра сход была размешчаная на сайце прадпрыемства, пасля чаго пра гаротны стан прадпрыемства даведалася ўся краіна. Цяпер сітуацыю пракаментавала і Наталля Качанава.

22.05.2023 / 19:01

Старшыня Савета Рэспублікі не толькі прызнала, што сітуацыя на прадпрыемстве вельмі кепская, але выклала і рэцэпт па яе паляпшэнні. Які, праўда, асаблівай арыгінальнасцю не адрозніваецца.

Тую прадукцыю прадпрыемства, якая акалася незапатрабаванай за межамі краіны, Качанава прапанавала накіраваць на ўнутраны рынак:

«На жаль, праз санкцыі ёсць праблемы з яе рэалізацыяй. Наша задача — падтрымаць гэтае прадпрыемства, не толькі нам падтрымаць, дзяржаве, але і кіраўніцтву завода, якому трэба адшукаць унутраныя рэзервы», — заявіла Качанава падчас наведвання прадпрыемства.

«Гэтыя пытанні вырашальныя, таму што мы не павінны закупляць па імпарце аналагічную прадукцыю, якая выпускаецца на нашых прадпрыемствах, — дадала яна. — Нам трэба яшчэ раз перагледзець усе закупкі, якія робяць прадпрыемствы ў нашай краіне. 30 мільёнаў даляраў прадукцыі, якая патрэбна на ўнутраным рынку, наш завод павінен закрыць. А пакуль ён забяспечвае толькі палову патрэбаў унутранага рынку.

Я цвёрда перакананая: на ўнутраным рынку мы павінны займаць большы сегмент прадукцыяй завода «Полацк-Шкловалакно», — сказала Качанава.

Чытайце таксама:

У лексіконе Качанавай з'явіўся новы выраз: «Права ўсіх народаў»

«Проста ўважліва слухайце кіраўніка дзяржавы». Качанава зноў сказала некалькі прыемных рэчаў пра Лукашэнку

Еўрасаюз прыдумляе, як уздзейнічаць на краіны, што дапамагаюць абыходзіць санкцыі

Nashaniva.com