Былыя зняволеныя заклікаюць закрыць грузавы рух на межах Беларусі, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні

У нядзелю 21 мая, у Дзень салідарнасці з палітвязнямі, каля тысячы беларусаў выйшлі на акцыю ў Варшаве, каб нагадаць пра больш за 1500 суайчыннікаў, якія знаходзяцца за кратамі праз палітыку. Там жа, на мітынгу, яны падтрымалі сумесны зварот апазіцыі да Еўрапейскай Камісіі, урадаў краін ЕС, у прыватнасці Польшчы, Літвы, Латвіі, а таксама да Дзярждэпартаменту ЗША з заклікам дзейнічаць больш рашуча, каб вызваліць палітвязняў у Беларусі. Аналагічны зварот быў агучаны і на мітынгу ў Вільні.

21.05.2023 / 20:08

Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Вільні. Фота: Наша Ніва

У звароце апісваецца жахлівая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, дзе людзі сутыкнуліся з масавымі рэпрэсіямі.

«Рэжым утрымлівае каля 1500 палітвязняў ва ўмовах жорсткага стаўлення, якое прыніжае чалавечую годнасць, масава выкарыстоўвае метады гвалту, што прыводзіць да чалавечых ахвяр, — гаворыцца ў звароце. — Палітвязні знікаюць у турмах, пра іх лёс не могуць атрымаць інфармацыі нават блізкія. Рэжым аддаў загад пазбавіць палітзняволеных права атрымліваць лекі. Дапамога адвакатаў адсутнічае».

Апазіцыя заклікае Захад дзеля вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі ўзмацніць санкцыйны ціск і прыняць нацыянальныя пакеты санкцый ЗША, Польшчы, Літвы і Латвіі.

Спыніць рух на ўсіх памежных пунктах пропуску на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, за выключэннем пасажырскіх пунктаў пропуску, і высунуць патрабаванне аб вызваленні ўсіх палітзняволеных для адкрыцця руху.

Стварыць Спецыяльны міжнародны трыбунал па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі і пачаць выкарыстоўваць інструменты ў межах нацыянальнага заканадаўства краін ЕС, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

Да звароту далучыліся ініцыятыўная група былых палітзняволеных Беларусі на чале з Аляксандрам Кабанавым, Народнае Антыкрызіснае Упраўленне на чале з Паўлам Латушкам, «Байпол», які прадстаўляе Аляксандр Азараў, прадстаўніца па Нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык. А таксама прадстаўнікі Народнай Амбасады Беларусі ў Польшчы, Музей Вольнай Беларусі і сябра Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан.

Чытайце таксама:

Па ўсім свеце праходзяць акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў ФОТЫ

Затрымліваюць людзей, у якіх адшукалі фота з пратэстаў у Google Photos. Як абараніць сябе — пакрокавы гайд

Nashaniva.com