Ціханоўская заклікала прадстаўнікоў краін НАТА падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і палітвязняў у Беларусі

Святлана Ціханоўская выступіла на Парламенцкай асамблеі НАТА ў майцы з партрэтам мужа і жоўтай біркай, якую прымушаюць насіць палітвязьняў. У дыскусіі аб лёсе Беларусі падчас вайны ўдзельнічалі парламентарыі з больш чым 40 краінаў, паведамляе яе Офіс.

21.05.2023 / 15:00

Святлана Ціханоўская ўпершыню выступіла на ПА НАТА. Фота: офіс Ціханоўскай

Ціханоўская нагадала пра сённяшні Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, заклікала дэпутатаў падтрымаць палітычных зняволеных у Беларусі.

Яна распавяла пра сітуацыю з Бабарыкам, Беляцкім, Ціханоўскім, папрасіла аб дапамозе беларускім добраахвотнікам, якія ваююць ва Украіне, нагадала пра сувязь Беларусі і Украіны, неабходнасць падтрымліваць тых, хто змагаецца ў абедзвюх краінах.

Таксама Ціханоўская ўзняла праблему размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі як пагрозы не толькі незалежнасці краіны, але і бяспецы ў рэгіёне, заклікала дэпутатаў гэтага не дапусціць.

Яна таксама заклікала прымаць меры па прыцягненні рэжыму да адказнасці за выкраданне ўкраінскіх дзяцей і вывазу іх на беларускую тэрыторыю.

Ціханоўская распавяла пра неабходнасць умацоўваць міжнародную прысутнасць дэмакратычных сілаў і дэлегімітызаваць рэжым Лукашэнкі, дзе гэта магчыма.

Напрыканцы выступу лідарка дэмакратычных сіл выказала надзею, што Беларусь будзе надзейным партнёрам Еўрасаюза і краін НАТА, будзе выконваць свае абавязальніцтвы і не несці пагрозы.

Ціханоўская прэзентавала пяцікрокавы план вываду краіны з-пад залежнасці Расіі. У тым ліку ён прадугледжвае выхад Беларусі з Саюзнай дзяржавы, АДКБ і супрацу з еўрапейскімі структурамі і міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасці, уступленне ў Раду Еўропы.

Гэта першы выступ Ціханоўскай на ПА НАТА. 

Nashaniva.com