Рэкордная для Малдовы колькасць дэманстрантаў сабралася на сход у падтрымку еўраінтэграцыі
У Вялікім Еўрапейскім сходзе, які праходзіў сёння ў цэнтры Кішынёва, прынялі ўдзел ад 75 — 80 тысяч чалавек, піша NewsMaker са спасылкай на паліцыю.
21.05.2023 / 14:36
У Вялікім Еўрапейскім сходзе, які праходзіў сёння ў цэнтры Кішынёва, прынялі ўдзел ад 75 — 80 тысяч чалавек. Фота: NewsMaker
Прэс-сакратар Генінспектарата паліцыі Дыяна Фетка пацвердзіла NewsMaker гэту лічбу і зазначыла, што праваахоўнікі, якія забяспечвалі парадак на мерапрыемстве, не зарэгістравалі ніводнага інцыдэнту.
21 мая ў цэнтры Кішынёва адбыўся Вялікі еўрапейскі сход, абвешчаны прэзідэнткай Маяй Санду. Перад прысутнымі выступіла сама кіраўнік дзяржавы, а таксама кіраўнік Еўрапарламента Раберта Метсола, якая прыбыла ў Малдову спецыяльна для гэтага.
Удзельнікі сходу прынялі рэзалюцыю ў падтрымку еўрапейскай інтэграцыі Малдовы.
У дакуменце зазначаецца, што Малдова імкнецца стаць паўнапраўнай часткай Еўрасаюза, які можа гарантаваць стабільнасць і дазволіць рэалізаваць свой патэнцыял.
Удзельнікі збору таксама заклікалі ўсе палітычныя сілы краіны падтрымаць еўрапейскі курс краіны. Для гэтага, на думку мітынгоўцаў, неабходна прапісаць у Канстытуцыі Малдовы яе мэту ўступіць у ЕС, забяспечыць больш хуткі пачатак перагавораў аб уступленні ў саюз, а таксама падтрымаць умацаванне дзяржструктур для дасягнення гэтай мэты.