Расійскія вайсковыя эшалоны прыбываюць у Беларусь проста з зоны баявых дзеянняў — Супольнасць чыгуначнікаў

На гэтым тыдні аднавілася перамяшчэнне вайсковых эшалонаў Узброеных сілаў Расіі з вайсковай тэхнікай і асабовым складам па тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым зафіксаванае іх перакіданне проста з зоны вядзення баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны ў Беларусь і ў зваротным кірунку, паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

19.05.2023 / 19:38

Станцыя Заслонава. Фота: railwayz.info

Незалежныя чыгуначнікі пішуць пра два заўважаныя імі эшалоны, датычныя станцыі Заслонава ў Лепельскім раёне. 

Першы, вайсковы эшалон №961, выйшаў 11 мая са станцыі Валнаваха ў Данецкай вобласці на станцыю Заслонава.

У яго складзе — 45 вагонаў, з іх 4 пасажырскія (у іх могуць змясціцца каля 200 чалавек), 2 крытыя (з рыштункам), 39 вагонаў-платформаў (з пагружанай колавай і гусенічнай вайсковай тэхнікай). Прыбыць на станцыю прызначэння гэты эшалон павінен быў 18 мая.

Другі эшалон (№ 962) выйшаў 17 мая са станцыі Заслонава на станцыю Гукава Растоўскай вобласці.

У яго складзе — 40 вагонаў, з якіх 3 пасажырскія (каля 150 чалавек); 2 крытыя (з рыштункам); 35 вагонаў-платформаў (з пагружанай колавай і гусенічнай вайсковай тэхнікай). Гэты цягнік меркавана мае прыбыць на станцыю прызначэння 22 мая. Там пасля змены цягніковай брыгады эшалон адправіцца далей на станцыю Чырвоная Магіла на Данеччыне і далей у бок горада Дэбальцава.

Акрамя вайсковых эшалонаў, адпраўленых са станцыі Заслонава на станцыю Гукава, 14 мая з Беларусі адправіўся як мінімум 1 эшалон са станцыі Палонка ў Баранавіцкім раёне.

У складзе гэтага цягніка — 45 вагонаў, з іх: 3 пасажырскія вагоны, 2 крытыя вагоны, 40 вагонаў-платформаў) з вайсковай тэхнікай і навучаным кантынгентам Узброеных сілаў РФ.

Таксама на станцыю Палонка прыбылі як мінімум 2 эшалоны з Расіі: 15 (40 вагонаў, з іх 4 пасажырскія, 1 крыты, 35 вагонаў-платформаў) і 16 мая (46 вагонаў, з іх 4 пасажырскія, 2 крытыя, 40 вагонаў-платформаў). 

Чытайце таксама:

Адбыліся затрыманні на баранавіцкай чыгунцы

У Расіі рэзка вырасла колькасць дыверсій. Больш за ўсё іх на чыгунцы

Расія наўрад ці зможа цалкам абараніць сваю чыгунку ад дыверсій — разведка Брытаніі

Nashaniva.com