Вольга Бондарава зрабіла «Драздоў» «Дзятламі» за песню на беларускай мове

Не выключана, што да сённяшняга затрымання былой старшыні Таварыства беларускай мовы і экс-дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім спрычынілася праз данос сумнавядомая гродзенская прарасійская актывістка Вольга Бондарава, якой муляюць абсалютна любыя праявы беларушчыны, у чым бы яны ні праяўляліся і якую б форму ні набывалі.

17.05.2023 / 23:40

Акурат сёння ў тэлеграм-канале Бондаравай з'явіўся скрыншот з паста Алены Анісім у фэйсбуку, зробленага 22 студзеня гэтага года. Анісім у ім напісала:

«Учора праехалася я на бацькоўскую сядзібу, а ўвечары трапілася гэтае відэа. Сугучна на ўсе сто!»

Відэа, на якое спасылаецца Анісім — выступ у Баранавічах гурта «Дразды» з песняй «Хата бацькоў».

«Анисим, Дятлы и хата бацькоу. Змагарство таки рулит», — падпісала скрыншот Бондарава, знарок грэбліва і перакручваючы назву гурта, і калечачы беларускую мову».

Пры гэтым асаблівую пікантнасць сітуацыі надае тое, што «Дразды» — абсалютна праўладны гурт, які цалкам падтрымаў рэжым Лукашэнкі ў 2020 годзе і працягвае падтрымліваць цяпер.

А тая ж «Хата бацькоў» рэгулярна выконваецца на праўладных мерапрыемствах. Праўладны рупар «СБ-Беларусь сегодня» 19 верасня мінулага года пісаў пра яе з нагоды канцэрта да прыдуманага рэжымам «Дня народнага адзінства»:

«Прымусіў спяваць «Мінск-Арэну» і гурт «Дразды». Іх «Хата бацькоў» усяго за год існавання стала адной з любімых як для саміх музыкаў, так і для ўсіх беларусаў. Віталь Карпанаў прызнаецца, што пасля выхаду песні атрымаў велізарную колькасць водгукаў і паведамленняў з удзячнасцю:

«Мы вельмі радыя, што «Хата бацькоў» знайшла водгук у сэрцах тысяч беларусаў. За той год, які жыве наша песня, мы бачылі вочы гледачоў, слёзы і ўсмешкі на іх тварах. І гэта абсалютная шчасце для любога артыста».

Адзіны «крымінал», які нясе гэтая песня для Вольгі Бондаравай — толькі тое, што яна на беларускай мове. Ніякай хоць бы прыхаванай апазіцыйнасці там няма ані знаку.

Трэба сказаць, што падкрэсленая нянавісць Бондаравай да ўсяго беларускамоўнага, нават у праўладных шатах, ужо выклікала пярэчанні і абурэнне нават з боку іншых прапагандыстаў — не менш адыёзных па сваёй сутнасці, але з больш гнуткай пазіцыяй адносна моўна-культурных пытанняў. Наўрад ці гэты новы выпад Бондаравай з выразнай «стральбой па сваіх» таксама сустрэне поўнае разуменне і падтрымку. 

Чытайце таксама:

Найшла каса на камень. «Інфаказачка» Бондарава не здолела нацкаваць лукашэнкаўскіх сілавікоў на іншых прапагандыстаў

«Настолькі забранзавеў». Бондарава напісала ў пракуратуру на Марзалюка 

«Ці варта пэцкацца, папулярызуючы гэтую грамадзянку?» Частка прапагандыстаў пайшла вайной на Бондараву

Nashaniva.com