Сёння ў Мінску некалькі хвілін бачылі гіганцкі фантан памерам у шматпавярховік. Што гэта было?

Велізарны фантан вышынёй са шматпавярховік некалькі хвілін біў сёння каля гандлёвага цэнтра Globo на вуліцы Уманская. Мінакі здымалі яго на відэа. Што гэта было, агенцтва «Мінск-Навіны» пацікавілася ў намесніка галоўнага інжынера філіяла «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Андрэя Жэшкі.

17.05.2023 / 18:50

«Філіялам праводзіліся гідраўлічныя выпрабаванні цеплавой магістралі № 47. Яна праходзіць уздоўж праспекта Дзяржынскага, вуліц Акрэсціна, Грушаўскай і Уманскай», — адказаў Жэшка. — Выпрабаванні выявілі шэраг пашкоджанняў сеткі. Вось на Уманскай мінчукі бачылі наступствы аднаго з іх».

Андрэй Жэшка запэўніў, што ўсе пашкоджанні ліквідуюць у самыя кароткія тэрміны. Пры гэтым спажыўцы раёна не пацярпелі, паколькі ў іх і так гарачай вады з-за планавых выпрабаванняў часова цяпер няма. А такія выпрабаванні якраз і дазваляюць выявіць дэфекты, каб не было «сюрпрызаў» пасля.

Паводле яго слоў, сённяшні інцыдэнт — не тыповы, але часам пры выпрабаваннях цепласетак бывае і такое. А таксама нагадаў, што калі хтосьці бачыць вось такі «фантан» ці, напрыклад, правал грунту, то трэба інфармаваць камунальныя службы.

Сёння энергетыкі адрэагавалі аператыўна, перакрыўшы ваду праз 10-15 хвілін.

Nashaniva.com