На «Мінскхлебпраме» сталі рабіць літоўскія шакоцісы

У некаторых мінскіх крамах супрацоўнікі выдання Tochka.by заўважылі шакоцісы беларускай вытворчасці. Гэта мучная слодыч у выглядзе ялінкі, якая вельмі папулярная ў суседняй Літве.

17.05.2023 / 16:49

«Шакоціс» у перакладзе з літоўскай мовы — гэта «галінкавы» (галінка —»шакас»), і слодыч так называецца з-за вонкавага выгляду. 

Робяць прадукт, які прадаецца ў мінскіх крамах, на прадпрыемстве «Мінскхлебпрам».

Цеста для гэтага кандытарскага вырабу гатуецца з дадаваннем вялікай колькасці яек, смятаны, а таксама сметанковага масла. Выпякаюць дэсерт на ражне, які паліваюць цестам. Сцякаючы, яно прымае «калючую» форму. Усярэдзіне такі ласунак пусты, але пры жаданні ў яго можна дадаць любы напаўняльнік, уключаючы крэм або ўзбітыя сліўкі.

У мінскім універсаме «Цэнтральны» кошт шакоціса — 55,08 рубля за кілаграм, але паколькі важыць адна штука каля 300 г, то абыдзецца яна ў межах 20 рублёў.

Такі вялікі кошт тлумачыцца тым, што на 1 кіло мукі сюды трэба дадаваць больш за 30 курыных яек.

У Літве прынята рабіць шакоцісы на вялікія святы, таксама слодыч возяць у якасці сувеніра ў іншыя краіны. Іх можна ў Літве набыць фактычна ў любой буйной прадуктовай краме.

У некаторых беларускіх рэгіёнах таксама могуць рабіць падобныя вырабы пад іншымі назвамі. Так, у Поразаве на Гродзеншчыне ён завецца банкухай і ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Чытайце таксама:

Сетка «Суседзі» пачала прадаваць літоўскія шакоцісы

Літоўскія кухары адраджаюць нацыянальныя стравы

Гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі прызналі пірог «банкуха» з Поразава. Што гэта такое?

Nashaniva.com