Пуцін перадаў РПЦ абраз Рублёва назаўжды, хоць прасілі толькі на два тыдні

Як расказаў кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл, ён прасіў Пуціна перадаць абраз царкве толькі на два тыдні, каб выставіць яе для пакланення ў храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве ў гонар свята Тройцы. Але Пуцін замест таго зрабіў шчодры падарунак.

16.05.2023 / 20:44

«У адказ на гэта, як вы ведаеце, прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі было прынята гістарычнае рашэнне аб вяртанні іконы Святой Тройцы Рускай Праваслаўнай Царквы. Мы маглі толькі марыць пра тое, каб гэтая святыня была вернутая Царкве, каб народ наш мог маліцца перад гэтай святыняй, просячы дабраславенне Божае і на краіну, і на царкву», — заявіў патрыярх Кірыл.

Ён адзначыў, што Міністэрства культуры не пярэчыла супраць перадачы «Тройцы» з музея ў храм.

Таксама, паводле Кірыла, Пуцін асабіста прыняў рашэнне аб перадачы Царкве грабніцы Аляксандра Неўскага. Адпаведную дамовыу прадстаўнікі пецярбургскага Эрмітажа падпісалі з РПЦ 10 мая.

Абраз Андрэя Рублёва «Тройца « — адна з самых вядомых яго прац, напісаная ў XV стагоддзі. Да рэвалюцыі 1917 года абраз захоўваўся ў Троіца-Сергіевай лаўры, а потым савецкі ўрад перадаў яе ў Траццякоўскую галерэю.

У мінулым годзе, нягледзячы на пярэчанні рэстаўратараў, абраз ужо перадавалі Царкве на два дні для пакланення вернікаў. Пасля гэтага спецыялісты налічылі на ім 61 новае пашкоджанне.

Вяртанне РПЦ менавіта цяпер культурных каштоўнасцяў з дзяржаўных музеяў Расіі можна звязваць сярод іншага і з узмацненнем ідэалагічнай ролі гэтай Царквы на фоне няўдач расійскай арміі ў развязанай Крамлём вайне ва Украіне. Так, нядаўна паведамлялася, што ў вайсковых падраздзяленнях расійскай вайсковай групоўкі «Днепр» у Херсонскай вобласці пачалі правозіць раней падораны Пуціным абраз з выявай «Спаса Нерукатворнага».

Чытайце таксама:

«Убачыць гэта ў сябе ў бліндажы — ганарова і радасна». Расіяне знайшлі моцны сродак супраць меркаванага ўкраінскага контрнаступлення

Патрыярх Кірыл пазбавіў сану протадыякана Андрэя Кураева

У мітрапаліта Ануфрыя і іншых іерархаў Украінскай праваслаўнай царквы знайшлі расійскія пашпарты

Nashaniva.com