Беларусам пачалі закрываць рахункі ў чэшскіх банках

У Чэхіі адбываецца неаб'яўленае ануляванне банкаўскіх рахункаў беларусаў і расіян, якія знаходзяцца ў Чэхіі па працоўнай або студэнцкай візе. Банкі лічаць, што дзейнічаюць у адпаведнасці з заканадаўствам і лічаць гэтых грамадзян «высокарызыкоўнымі», піша чэшскае выданне Е15.

16.05.2023 / 16:13

Здымак ілюстрацыйны. Фота: UniCredit Bank

Банкі Creditas і UniCredit Bank пацвердзілі ануляванне рахункаў грамадзян Расіі і Беларусі. Яшчэ адзін банк, ČSOB, адмаўляе такую практыку, але чэшскае выданне сцвярджае, што падобныя выпадкі ў ягонай практыцы таксама ёсць.

«UniCredit Bank праяўляе высокую асцярожнасць у дачыненні да асоб з краін, якія ўпраўленне фінансавага аналізу (FAÚ) залічвае да краін з высокім узроўнем рызыкі. Аднак банк дзейнічае не ўсебакова, а заўсёды зыходзячы з ацэнкі канкрэтнай сітуацыі і рызык, якія дадзены кліент прадстаўляе для банка. Гэта азначае, што ў выпадку анулявання рахунку неабходна было вызначыць пэўную рызыку для банка», — расказалі ў UniCredit Bank.

Прадстаўнік Fio Bank адзначыў, што калі банк вырашае закрыць рахунак кліенту любой нацыянальнасці, ён не робіць гэтага без папярэджання: «У кліента ёсць стандартны двухмесячны тэрмін паведамлення, і інфармацыя адпраўляецца яму па пошце. Банк таксама правярае дзейныя санкцыйныя спісы на прадмет запытаў ад грамадзян Расіі ці Беларусі».

Раней урад Чэхіі падоўжыў да 31 сакавіка 2024 года забарону на выдачу віз і ДНЖ грамадзянам Беларусі і Расіі, уведзеную праз вайну ва Украіне. Акрамя таго, пад абмежаванне цяпер трапяць беларусы і расіяне з пашпартамі іншых краін.

Чытайце таксама:

У Еўропе падрыхтавалі рэкамендацыі па спрашчэнні легалізацыі беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсій

Украінскі ПрыватБанк закрывае рахункі беларусаў

«Рэч не ў грамадзянстве, а ў паводзінах кліента». Bank of Georgia даў афіцыйны каментар адносна закрыцця рахункаў беларусаў і расіян

Nashaniva.com