Лупаносаў: Каля 40% ГУБАЗіКа было на баку народа. А вось Карпянкоў і Бедункевіч адкрыта казалі «За намі Расія»

Былы супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Станіслаў Лупаносаў у 2020 не стаў удзельнічаць у рэпрэсіях, а стаў дапамагаць народнаму руху за свабодныя выбары. Цяпер ён супрацоўнік «Байпол» — ініцыятывы сілавікоў супраць дыктатуры.

14.05.2023 / 15:54

Станіслаў Лупаносаў. Фота Радыё «Рацыя»

Станіслаў Лупаносаў працаваў у ГУБАЗіКу на пасадзе старшага аперупаўнаважанага першага ўпраўлення. Гэта ўпраўленне займаецца карупцыйнымі злачынствамі ў сферы медыцыны. Да гэтага ён працаваў чатыры гады ў ГУУС Мінска. Займаўся злачынствамі ў кіберпрасторы, з хакерамі змагаўся, з махлярствам у інтэрнэце. Яшчэ да таго дзесяць гадоў — ва ўпраўленні крымінальнага вышуку, займаўся раскрыццём крадзяжоў машын.

У лістападзе 2020 года ён выехаў з тэрыторыі Беларусі — гэта быў момант, калі забілі Рамана Бандарэнку.

«У першы час пасля выбараў каля 40% ГУБАЗіКа адназначна была на баку народа, — расказаў Станіслаў Лупаносаў радыё «Рацыя».

— Яны гэта не паказвалі, проста нічога не рабілі. Яны нічога не выконвалі. Другая частка бегала разам з Карпянковым, разам з Бедункевічам, з байцамі сілаў спецыяльных аперацый Міністэрства абароны. Тыя кадры, якія мы бачылі, гэта рабілі яны», — кажа Лупаносаў.

Гэта была не выпадковая, а свядомая пазіцыя.

«Практычна з кожным размаўлялі, увесь час праводзілі палітінфармацыю. У тым ліку з запрашэннем Караева, Казакевіча, яны ўвесь час уціралі палітыку рэжыму: «Гэта ўсё нармальна. За намі Расія». Прычым яны казалі даслоўна Расія, не Лукашэнка, «за імі Расія». У прыватнасці, пра гэта казалі Карпянкоў і Бедункевіч».

Цалкам гутарку можна паслухаць на радыё «Рацыя»

Nashaniva.com