«Ябацька лейтэнанта Шміта» Сяргей Заслаўскі-Аўтуховіч выйшаў з сутак 

Выглядае, што ён абышоўся без крымінальнай справы, адседзеўшы толькі суткі ў тых умовах, што і ўсе палітычныя. Раней Сяргей Заслаўскі-Аўтуховіч праславіўся тым, што, будучы неаднаразова судзімы, пад лічынай паказнога ябацькі ўцёрся ў давер да лукашэнкаўскіх генералаў.

12.05.2023 / 13:18

Заслаўскі з намеснікам міністра ўнутраных спраў, генералам Дзмітрыем Карзюком

«Ён дакладна выйшаў. Хто гэта быў такі, я даведаўся толькі калі выйшаў з сутак і прачытаў «Нашу Ніву». Сядзеў, як і ўсе палітычныя, у такіх жа ўмовах. Адбывалі тэрмін у перапоўненай камеры, без матрацаў. Пра сябе ён расказваў, што прадпрымальнік і дыджэй», — расказаў «Нашай Ніве» чалавек, які перасякаўся з Заслаўскім на Акрэсціна. 

У гэты ж момант Аўтуховіч узнавіў сваю актыўнасць у інстаграме, куды посціць фота і відэа з трэніровак, а таксама з'явіўся анлайн у тэлеграме. 

Да таго Заслаўскі-Аўтуховіч атрымаў запар два прысуды па 15 сутак. 

Сяргей Аўтуховіч-Заслаўскі — псеўдаспецназавец і псеўдачэмпіён у цяжкай атлетыцы. 

У рэальнасці, шматразова судзімы за разбоі, ён змог стаць намеснікам Дзмітрыя Паўлічэнкі ў Асацыяцыі ветэранаў спецназа і стварыць сабе бліскучую рэпутацыю ў дзяржаўных органах. Апроч падстаўной формы, у яго быў толькі адзін аргумент — пазіцыя «за Лукашэнку». 

Пасля таго, як гэты чалавек выпадкова трапіў на Акрэсціна за рэпост артыкула пра сябе самога з нейкага «экстрэмісцкага» па версіі лукашыстаў рэсурсу, журналістам сталі вядомыя сапраўдныя дэталі яго біяграфіі. 

Чытайце таксама:

Ябацька лейтэнанта Шміта. Шматразова судзімы рэцыдывіст выдаў сябе за ветэрана спецназа і дарос да міністэрскага ўзроўню РАССЛЕДАВАННЕ

Ябацькі ў шоку. На Акрэсціна адправілі намесніка Паўлічэнкі ў асацыяцыі ветэранаў спецназа «Честь»

Баніхват Верхавец