ПВК «Вагнер» утрымлівае 85% Бахмута і сыходзіць пакуль не збіраецца — СМІ

Выданне Politico перадае са спасылкай на свае крыніцы ў амерыканскай адміністрацыі, што найміты ПВК «Вагнер» па-ранейшаму ўтрымліваюць значную частку Бахмута, валодаюць значнымі запасамі боепрыпасаў і зброі і нягледзячы на вялікія страты, не плануюць пакідаць горад.

11.05.2023 / 07:10

Фота: Канкорд

На мінулым тыдні заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын прыгразіў, што яго найміты пакінуць горад, паколькі вайсковае кіраўніцтва не забяспечвае іх боепрыпасамі.

Пасля гэтага ён заявіў, што яго сілы застануцца ў Бахмуце, і «вагнераўцам» паабяцалі даць дастатковую колькасць боепрыпасаў. Затым, зрэшты, Прыгожын, зноў паскардзіўся, што гэтыя абяцанні не выконваюцца і прызнаў, што ў апошні дзень УСУ ўдалося правесці ўдалую контратаку.

Нягледзячы на пагрозы Прыгожына пакінуць Бахмут, яго найміты ўтрымліваюць прынамсі 85% тэрыторыі горада, сказана ў публікацыі.

Як распавялі выданню Politico на ўмовах ананімнасці дасведчаныя амерыканскія крыніцы, яны не валодаюць сведчаннямі таго, што найміты плануюць пакінуць Бахмут.

«Амерыканскія чыноўнікі кажуць, што апошнім заявам Прыгожына пра Бахмут верыць нельга, і хутчэй за ўсё, яны былі патрэбныя, каб справакаваць рэакцыю маскоўскага абароннага апарата — прымусіць Маскву адпраўляць больш узбраенняў», — пішуць аўтары.

Яны працягваюць, што хоць перамога ў бітве за Бахмут стала б для Кіева важным сімвалічным жэстам, заходнія саюзнікі перасцерагаюць Украіну ад расходавання тут залішніх сродкаў, прапаноўваючы выкарыстоўваць зброю і людзей на больш перспектыўных напрамках у ходзе чаканага вяснова-летняга наступу.

Чытайце таксама:

Прыгожын заявіў, што выведзе вагнераўцаў з Бахмута. Што думаюць на гэты конт УСУ

Прыгожын заявіў, што выведзе «Вагнер» з Бахмута 10 мая

«Дзе, б***, боепрыпасы?» Прыгожын паказаў поле, усцеленае трупамі вагнераўцаў, і абмацюкаў Шайгу і Герасімава

Істэрыкі Прыгожына паказваюць, што Расія можа быць бліжэйшай да 1917 года, чым мы думаем

Nashaniva.com