У воданапорнай вежы ў Сцяпянцы могуць з'явіцца кавярня і каворкінг

У мінскай Сцяпянцы плануюць пабудаваць пяць жылых высотак і рэканструяваць нядзейную воданапорную вежу. Для гэтага гарадскія ўлады знясуць склады і іншыя гаспадарчыя памяшканні, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

10.05.2023 / 17:31

Згодна з праектам ад гарадскіх праекціроўшчыкаў, новая забудова з'явіцца паміж вуліцай Геалагічнай, школамі №182 і №183, дзіцячым садком №569 і паркам. Для гэтага тут знясуць склады і іншыя гаспадарчыя памяшканні.

На вызваленым участку хочуць пракласці новую вуліцу, узвесці пяць жылых дамоў вышынёй ад 10 да 19 паверхаў, тры двухузроўневыя гаражы-стаянкі, уладкаваць двары з дзіцячымі і спартыўнымі пляцоўкамі, а таксама высадзіць як мага больш дрэў.

У канцэпцыю ад «Мінскпраекта» таксама закладзеная магчымасць захавання не эксплутаванай на дадзены момант воданапорнай вежы (вул.Карвата, 5) і яе далейшая рэканструкцыя.

Праекціроўшчыкі лічаць, што ў вежы можна зрабіць вокны, зашклёнае купальнае перакрыцце (светлавы ліхтар) і арганізаваць там міні-кавярню ды зону каворкінгу з мабільнымі прадметамі мэблі. Лесвіцы, ліфты, прыбіральні можна прадугледзець як у самой вежы, так і ў прыбудаваных дадатковых памяшканнях.

Праўда, інвестара, які быў бы ахвотны ўзяцца за такую рэканструкцыю, пакуль што не знайшлося.

Чытайце таксама:

У Сцяпянцы сёлета пачнуць будаваць тры шматпавярховікі

У Мінску знясуць прыватны сектар у раёне вуліцы Арлоўскай. Што будзе замест яго?

І каля Драздоў, і ў лесе ў Сцяпянцы. Дзе ў Мінску пабудуюць новыя дамы

Nashaniva.com