У Мінску перапахавалі вязняў шталага ў Масюкоўшчыне

У Мінску прайшла цырымонія перапахавання 852 савецкіх вайскоўцаў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Як піша БелТА, гаворка ідзе пра вайскоўцаў, парэшткі якіх выявілі на тэрыторыі былога нацысцкага канцлагера для ваеннапалонных Шталаг-352 на цяперашняй сталічнай вуліцы Лынькова.

10.05.2023 / 16:34

Мемарыял на месцы былога шталага ў Масюкоўшчыне. Фота: bonchance.by

Першыя палявыя пошукавыя работы былі праведзеныя на гэтым месцы ў маі 2016 года. Яны былі працягнутыя ў 2020 годзе, вяліся і ў 2022-м.

Па афіцыйных звестках, у 2022 годзе ў агульным ліку выявілі парэшткі 852 вайскоўцаў Чырвонай арміі. Дзякуючы 46 захаваным медальёнам атрымалася вызначыць, што яны патрапілі ў палон і апынуліся ў шталагу ў самым пачатку вайны: паміж летам— восенню 1941-га і ў 1942-м. Удалося таксама ўстанавіць асобы 11 загінулых вайскоўцаў.

На месцы былога шталага ў Масюкоўшчыне. Фота: bonchance.by

Адпаведныя службы змаглі адшукаць сваякоў некаторых з загінулых чырвонаармейцаў, цяпер яны жывуць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, што некалі ўваходзілі ў склад СССР.

Чытайце таксама:

Пры раскопках у Брэсцкай крэпасці знайшлі парэшткі некалькіх чалавек

У Гомелі затрымалі кіраўніка аб'яднання, якое шукае парэшткі ахвяраў вайны і сталінскіх рэпрэсій

Гісторык патлумачыў, чаму знішчэнне магіл акоўцаў у Беларусі нельга параўноўваць з пераносам помнікаў у Польшчы

Nashaniva.com