Данілаў: Канчатковы план контрнаступлення Зяленскі яшчэ не зацвердзіў

Старшыня Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў параіў не верыць інфармацыі розных крыніц наконт наступу Украіны, бо канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае.

09.05.2023 / 20:46

«У кабінеце вярхоўнага галоўнакамандуючага — прэзідэнта нашай краіны будзе прымацца крайняе рашэнне па тэрмінах і кірунках. І калі хтосьці пачынае аб чымсьці казаць, нават з паважаных інстытуцый на Захадзе, паверце: людзей, якія на сёння ведаюць дакладна ўсе нашыя планы, не існуе. Таму што канчатковыя планы яшчэ не зацверджаныя», — сказаў Данілаў падчас тэлемарафону.

«Мы маем некалькі варыянтаў. Яны ўсе знаходзяцца ў працы. І ў залежнасці ад тых абставін, якія будуць на той ці іншы час, будуць прымацца тыя ці іншыя рашэнні. Не трэба чакаць або не чакаць. Мы ўжо даказалі, што мы непераможная нацыя, і мы абавязкова гэта зробім. І дзякуючы нашым партнёрам у тым ліку», — дадаў ён.

Раней Данілаў казаў, што інфармацыяй пра магчымы час і кірункі наступлення УСУ валодаюць не больш за пяць чалавек.

Nashaniva.com