Што вядома пра палітвязня Мікалая Клімовіча, які памёр у калоніі

Сёння стала вядома, што ў віцебскай калоніі памёр блогер Мікалай Клімовіч, вядомы як «Мікалай Верасень». У гэту ПК яго перавялі два тыдні таму. 

07.05.2023 / 20:10

Адно з апошніх фота Мікалая Клімовіча ў ягоным фэйсбуку

Мікалаю Клімовічу быў 61 год. Калі верыць сацсеткам мужчыны, ён скончыў мінскую культасветвучэльню (цяпер — Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў) у 1982 годзе і пачаў працаваць на пасадзе мастацкага кіраўніка Лемяшэвіцкага сельскага дома культуры. Потым перайшоў на працу загадчыкам іншага дома культуры і загадчыкам кавярні «Дыялог».

Пасля паступіў у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў у 1986-м. У гэты час жыў у Маскве, працуючы сям-там на пасадах адміністратара дзіцячай перадачы, цырка. 

У 1994-м вяртаецца ў Пінск і пачынае супрацоўнічаць з рознымі медыя, а таксама ўступае ў БНФ. З таго часу мужчына доўга на адной працы не затрымліваўся і за год мог памяняць іх з пяток. Апошняе вядомае месца працы Мікалая — расклейшчык аб'яваў у 2013 годзе.

Партыйны білет БНФ Мікалая Клімовіча. Фота: 1reg.org

Невядома дакладна, калі Клімовіч зацікавіўся грамадска-палітычным жыццём, але ў 2001 годзе Клімовіч уваходзіў у ініцыятыўную групу па стварэнні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Прававая абарона грамадзянаў». Сярод стваральнікаў быў таксама правабаронца Алег Воўчак. Аб'яднанне не зарэгістваралі, а стваральнікі пасля выйгралі суд ААН.

Мікалай Клімовіч падчас стварэння «Прававой абароны грамадзянаў» у 2001 годзе

У 2009-м Мікалай Клімовіч пачынае весці блог у «Жывым журнале» пад псеўданімам «Мікалай Верасень». Там ён пісаў пра свае былыя подзвігі і распавядаў пра жыццё ў Пінску.

Перыядычна пра яго пісалі медыя — да прыкладу, у 2013 годзе ён прасіў пракуратуру разабрацца з «інтэрнэт-тролямі», якія ад яго імя пішуць лухту. А ў 2016-м Мікалая знялі з уліку камісіі па беспрацоўі, па яго словах — за актыўную грамадскую пазіцыю.

У ліпені 2020-га мужчыну прымусова забіралі ў псіхіятрычны дыспансэр і пратрымалі там 21 дзень. Мікалай распавядаў, што яго пакінулі на такі тэрмін, каб ён выйшаў адтуль ужо пасля выбараў.

Мікалай Клімовіч. Фота: ягоная старонка ў фэйсбуку

У сакавіку 2021-га Клімовіча выклікалі на допыт у пракуратуру па справе аб паслявыбарчых пратэстах у Пінску. Мужчына распавядаў, што тады выклікалі тых, каго затрымлівалі па славутым адміністрацыйным артыкуле 23.34.

У маі 2022-га Мікалай перанёс інсульт.

Клімовіча затрымаў ГУБАЗіК ў снежні 2022 года за антываенныя публікацыі ў «Аднакласніках». Ён распавёў пасля, што паказваў дакументы пра інваліднасць у РУУС, але губазікаўцы толькі смяяліся з яго і адмовіліся здымаць кайданкі, змушалі распранацца і апранацца. Пасля яго змясцілі ў ІЧУ, але на наступны дзень яго адтуль забрала хуткая і мужчыну змясцілі ў лякарню на некалькі дзён.

Мікалай Клімовіч. Фота з архіва «Медыя-Палесся»

У выніку на яго завялі крымінальную справу за лайк пад карыкатурай на Лукашэнку. А таксама адміністрацыйную справу за «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі» за карыкатуру на Пуціна. Да суда ён быў на волі.

28 лютага 2023 года суддзя Андрэй Бычыла прысудзіў Мікалаю год калоніі. 21 красавіка 2023 года яго перавялі ў калонію. Праз два тыдні ён памёр.

Чытайце таксама:

Прадстаўніца Кабінета Вольга Гарбунова пра смерць палітвязня: Колькі яшчэ трэба ахвяр, каб вы насыціліся ўладай?

Інваліда з Пінска асудзілі да калоніі за карыкатуру на Лукашэнку

У калоніі памёр палітвязень — пінскі блогер Мікалай Клімовіч

Nashaniva.com