Палітзняволеную ў зарэчанскай калоніі збіваў і душыў наглядчык — праваабаронцы

Палітзняволеная Вікторыя Кульша за паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што супрацоўнікі калоніі збівалі жанчыну, а праз некалькі галадовак у яе двойчы здараўся сардэчны прыступ. 

07.05.2023 / 17:57

Па інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнікі жаночай калоніі № 24 у Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі псіхалагічны і фізічны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.

Жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

У калоніі палітзняволеную праз некаторы час пасля этапу змясцілі ў іншы атрад і перавялі на іншую працу з невыноснымі ўмовамі. Але начальнік калоніі Дзмітрый Курловіч адмовіў жанчыне ў пераводзе адтуль. Акрамя гэтага, Курловіч не рэагаваў і на ейныя скаргі на наглядчыка, які здзекваўся з яе.

Стан здароўя Вікторыі моцна пагоршыўся: яна схуднела да 57 кілаграмаў, мае паніжаны гемаглабін і тахікардыю. Лечаць яе «фоліевай кіслатой». Таксама яе перавялі на два тыдні на спецыяльную «дыету», пры якой даюць больш ежы, але пасля гэтага кроў не правяраюць.

Цяпер жанчына чакае разгляду апеляцыйнай скаргі ў гомельскім СІЗА-3. Але пасля апеляцыі Кульшу зноў перавядуць у Зарэчча. Таму Вікторыя хвалюецца за сваё здароўе і жыццё.

Інжынерку па ахове працы Вікторыю Кульшу затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да 2,5 года калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у Гомель.

У чэрвені жанчыну асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі) і дадалі яшчэ адзін год у зняволенні. У новай папраўчай калоніі супраць яе зноў завялі крымінальную справу паводле гэтага артыкула. 

31 студзеня супраць Кульшы зноў завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК.

У лістах Віткторыя піша, што не атрымлівае лісты нават ад сваякоў ад 3 сакавіка мінулага году — «іх знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам».

У ПК-24 акрамя Вікторыі таксама ўтрымліваюцца Алена Маўшук і Паліна Шарэнда-Панасюк, на якіх таксама аказваецца ціск. Паліна цяпер чакае разгляду чарговай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК.

Адрас для лістоў і пераводаў:

СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А

Вікторыя Аляксандраўна Кульша

Nashaniva.com